АСАБЛІВАСЬЦІ МІЖНАРОДНАГА ТУРЫЗМУ

26 жніўня 2006 г. Італьянская газэта “Corriere della Sera” піша пра італьянскі турызм. Днямі італьянцы падарожнічалі па экватарыяльнай Афрыцы. Двух маладых мужчынаў захапіла апазіцыйная групоўка, якая змагаецца за ўладу ў Нігеры. На пагрозы італьянскага ўраду ўжыць сваю армію нігерыйскія апазіцыянэры адказалі, што ў гэтым выпадку забьюць турыстаў.

Наш камэнтар: Заходнія людзі шукаюць на сваю галаву экзотыку. Многія з эўрапейцаў ніколі не падарарожнічалі ў пазнавальна-культурніцкіх мэтах нават у суседніх краінах. Ім падавай адрэналіну ў крыві на экватары, у тропіках, на канібальскіх выспах. Як бачым, часам яны атрымліваюць конскія дозы адрэналіну і не вядома яшчэ, ці вярнуцца жывыя дахаты. А тым часам яны будуць абзываць беларусаў “i russi”, нахвальваць у нашай прысутнасьці Гарбачова, перастройку і патрыярха Алексія ды казаць, што Масква “прыгожы горад”. І вельмі бянтэжыцца, калі мы ім тлумачым, што наш народ і Беларусь тут не прычым.

Аднак, у апошнія гады нешта пачало мяняцца і ў заходняй турыстычнай сьвядомасьці. Наглядзеўшыся на “самый чітаюшчій народ із Москвы і Ленінграда”, заходнікі пачалі актыўна шарахацца ад расейцаў. Калі італьянец альбо немец браніруе месца ў гатэлі на прэстыжовым пляжы ў Гішпаніі або Эгіпце, то пэрсанал туркампаніі гарантуе яму, што ў гэтым гатэлі “ня будзе рускіх турыстаў”. Гэта значыць, што ніхто ня будзе гарлапаніць па начах, куляць сталы ў рэстаране, штурхацца, пляваць і ванітаваць у калідорах і ліфтах; ніхто ня будзе страшна вылупіўшы вочы рычэць табе ў фізіяномію: “А ты почему не понимаеш по-русски, козёл? Ты меня уважаешь?..”

Але бізнэс ёсьць бізнэс. Расейскія мафіёзы і хамы прывозяць на Захад жмені зашмальцаваных крывавых даляраў, якія, як вядома, “не пахнуць”. Для іх на Захадзе створана адмысловая сетка турбюро і гатэляў. Гэты “ля рюс” ведае, што трэба “самым чітаюшчім”. Для іх — самыя шматпавярховыя гатэлі (каб выглядала “раскошна” і было як мага больш “земляков” для пьянкі і куражу). Для іх — кругласутачны “швэдскі стол” (бо “чітаюшчій” страшна любіць наесьціся і выпіць “на халяву”). Для іх — загартаваны пэрсанал (ідзе на пэнсію раней, чым шахцёры і лётчыкі-выпрабавальнікі), які ведае хаця б 30 словаў з маскоўскай “фені”. Цікава, што апошнім часам беларускія туркампаніі пачалі куртуазна папярэджваць беларускіх турыстаў, што “у вашым гатэлі ня будзе расейцаў, мы гарантуем”. Яшчэ адзін урок бізнэсу і здаровага сэнсу.

Валеры Буйвал