ЯНКА БРЫЛЬ УСПАМІНАЕ
У чым, на Вашую думку, палягала адрозьненьне ў творчасьці пісьменьнікаў з абодвух бакоў Беларусі?
– Мы на Захадзе мелі больш магчымасьцяў азнаёміцца з творчасьцю такіх літаратараў як Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, чаго ў 30-х гадах у савецкіх школах ужо не чыталі. У нас у вёсках нават сьпявалі “Ой, ты, Нёман-рака” Цішкі Гартнага, “О край родны, край прыгожы” Коласа. Як беларушчыну ў канцы 20-х палякі прыціснулі, зьявіўся Танк, загрымеў. Ён хораша пісаў, за ім уся моладзь ішла, такі сапраўдны паэт. І іншыя былі — Васілёк, Ільляшэвіч, Машара — але найбольш нацыянальна акрэсьленым быў усё ж Танк, пасьля Таўлай Валянцін. У той час я быў знаёмы толькі з Васільком, мы зь ім нават адзін год былі разам у палоне, ды яшчэ з адным малавядомым, але харошым паэтам Юліянам Сергіевічам.
Яшчэ, памятаю, быў вельмі здаровы рух, скажам, супраць п'янства: моладзь ня піла. А калі хто піў, дык дзяўчаты не хадзілі зь ім танцаваць.
– Вы мяркуеце, што ва Ўсходняй Беларусі пілі болей?
– Дык а хто ж нас навучыў піць, заходнікаў, як ня ўсходнікі? У нас не было такога разуменьня: сто грам, шклянка... Я помню, раз на вясельлі адзін дзядзька заліхвацкі выпіў цэлую шклянку гарэлкі, дык усе стоячы глядзелі, ці разарвець яго, ці не. Да таго ж у нашай моладзі была вельмі высокая актыўнасьць у сэнсе мастацкай самадзейнасьці: ставілі спэктаклі і па-беларуску, і па-польску, і нават па-габрэйску. Але у 30-х гадох палякі пачалі моцна глушыць беларускае падпольле. Яны да Саветаў уцякалі, а іх там... Адзін мой блізкі сябар адсядзеў пяць год у польскай турме, уцёк, а ў СССР яму далі 25 “без права переписки”. Адсядзеўшы 18 год, ён вярнуўся і два гады паміраў ад раку. Я яго наведваю, а ён мне пачынае гаварыць: “Ня вер ім, гэта ўсё няпраўда! Я бег са сьлязьмі на вачах, убачыўшы першага чырвнаармейца, а праз два дні мяне цягнулі па падлозе менскай турмы, і я з роту крывёю паліваў падлогу”.
(Упершыню надрукавана ў “Нашай Ніве” № 22, 13 верасьня 1999 г.)