АНТЫБЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ БАІЦЦА СЬВЯТА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ
Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ атрымала афіцыйны адказ ад Менскага гарвыканкама на заяву Партыі аб правядзеньні мітынга і канцэрта ў Менску 25 жніўня сёлета ў парку Янкі Купалы ў гонар 15-х угодкаў аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. Улады забаранілі мітынг і канцэрт. Прычым, зрабілі гэта ў цынічны спосаб і парушаючы заканадаўства Беларусі. Ня быў вытрыманы тэрмін паведамленьня афіцыйнага адказу арганізатарам мерапрыемстваў, арганізатары не былі запрошаны ў гарвыканкам дзеля абмеркаваньня мерапрыемстваў. Фармальная адпіска, грубая забарона народнага сьвяткаваньня важнага дзяржаўнага сьвята — так “сьвяткуе” рэжым дзень 25 жніўня.
Рэжым баіцца беларусаў, якія маглі б сабрацца ў цэнтры сваёй сталіцы, каб сьвяточна адзначыць угодкі незалежнасьці сваёй нацыянальнай Дзяржавы. Рэжым баіцца мітынга і канцэрта каля помніка вялікаму Песьняру, рэжым баіцца нашай дзяржаўнай незалежнасьці. Усё гэта яшчэ раз сьведчыць, што існуючы рэжым ёсьць прамаскоўская, недарэчная, чужая беларусам зьява ў нашай дзяржаве. Але недарэчнасьць ня мае будучыні, набліжаецца час, калі наш народ будзе жыць у вольнай Беларусі.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ