ВІНШАВАНЬНЕ З 25 — М ЖНІЎНЯ

Дарагія землякі, дарагія суайчыньнікі, паважаныя дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ — га скліканьня, фронтаўцы!

Віншую Вас зь вялікім сьвятам — пятнаццатай гадавінай аднаўленьня незалежнасьці Беларусі!

25 — га Жніўня, як і 25 — га Сакавіка, зьяўляюцца для беларусаў знакавымі, вызначальнымі датамі ХХ — га стагоддзя і ў цэлым ва ўсёй гісторыі Беларускай нацыі. Пятнаццаць гадоў таму, 25 — га Жніўня 1991 года, дэпутацкая Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце зрабіла гэтую дату паваротным пунктам беларускай гісторыі. Нічога няма важнейшага ў жыцьці нацыі як дасягненьне ёю незалежнасьці і стварэньне нацыянальнай дзяржавы. Такая падзея ўваходзіць ў вечнасьць. Яна грунт, на якім стаім, і пуцяводная зорка па якой ідзем.

Нават цяпер пры антыбеларускім рэжыме і рэпрэсіўнай палітыцы, пэрспэктыву нашага нацыянальнага існаваньня зьберагае нам наша дзяржаўная незалежнасьць. Беражэм яе як агульнае дасягненьне, як найвялікшую каштоўнасьць і найвялікшую заваёву народа.

Жыве Беларусь!

Зянон Пазьняк

Старшыня дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ — га скліканьня 25 Жніўня 2006 г.