ЖЫЦЬЦЁ ПАД АНТЫБЕЛАРУСКІМ РЭЖЫМАМ

Берасьце: 21 жніўня міліцыянты затрымалі ўдзельнікаў моладзевага лягеру. У аўтобусе знаходзілася каля 30 актывістаў грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, якія ехалі ў кірунку ўкраінскага гораду Шацк, у ваколіцах якога на гэтым тыдні павінен быў пачаць працу моладзевы лягер.

Аўтобус быў спынены ля вёскі Страдзечы Берасьцейскага раёну, прычым зрабілі гэта не міліцыянты зь мясцовага райаддзелу ўнутраных справаў, а супрацоўнікі Ленінскага РАУС Берасьця.

Міліцыянты спынілі аўтобус на шляху да беларуска-украінскай мяжы і загадалі кіроўцу ехаць у Ленінскі РАУС Берасьця. Там аўтобус быў адпраўлены на адмысловую стаянку для шчыльнага агляду. Міліцыянты цьвердзяць, што ў аўтобусе магла знаходзіцца забароненая для вывазу за мяжу літаратура.

З усіх пасажыраў аўтобуса ў міліцэйскім пастарунку ўзялі адбіткі пальцаў і агледзілі іхнія асабістыя рэчы, але дагэтуль не складзеныя пратаколы аб затрыманьні гэтых асобаў. У аўтобусе знаходзіліся актывісты грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў: яны ехалі ў накірунку украінскага гораду Шацк, у ваколіцах якога сёньня павінен быў пачаць працу моладзевы лягер.

(Паводле радыё “Свабода”)