ПРАЦЯГ АНТЫБЕЛАРУСКАЙ ЧЫСТКІ

Кандыдата гістарычных навук археоляга Сяргея Тарасава звольнілі з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі з фармулёўкай нібыта “за сыстэматычнае невыкананьне службовых абавязкаў”. Частка калегаў навукоўца тлумачыць звальненьне грамадзянскай і навуковай пазыцыяй спадара Тарасава. Гэтак лічыць і сам звольнены.

(Тарасаў:) “Пэўныя людзі хочуць у сваіх руках сканцэнтраваць усю ўладу — відаць, ня толькі над археалёгіяй, а, можа, і над усёй гісторыяй. Спрабуюць такім чынам пазбавіцца ад людзей, якія ім нязручныя, якія не прыручаюцца”.

Кандыдат гістарычных навук, вядомы беларускі археояг Мікола Крывальцэвіч гэтак ацэньвае прафэсійныя якасьці спадара Тарасава:

(Крывальцэвіч:) “Сяргей Тарасаў, безумоўна, адзін з найлепшых беларускіх археолягаў. Ягоны ўнёсак у дасьледаваньне сярэднявечнай спадчыны Беларусі вельмі вялікі. Звальненьне Сяргея — вялікая страта для інстытуту і для археалёгіі”.

За апошнія гады з Інстытуту гісторыі з розных прычынаў былі звольненыя Тацяна Процька, Ніна Стужынская, Андрэй Кіштымаў, Юры Грыбоўскі, Генадзь Сагановіч. Апошні памянёную сытуацыю характарызуе як выгнаньне навукі з Акадэміі навук:

(Сагановіч:) “Відавочна, з прычыны грамадзянскай і навуковай пазыцыі. Гэта зьнішчэньне Інстытуту гісторыі”.

(Стужынская:) “Цяпер у інстытуце настолькі рэпрэсіўны рэжым, што жахліва. Я сустракаюся з калегамі, і многія зь іх у роспачы. Інстытут выкідвае найлепшых. Думаю, што ўсё ж трэба ствараць нейкую недзяржаўную ўстанову, інакш мы згубім тое, што назапашвалі ў 90-я гады”.

Ганна Соўсь (паводле радыё Свабода)