ЗАЯВА ШВЭДЗКАГА ПРЭМ'ЕРА

20 жніўня 2006 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” паведамляе, што прэмьер Швэцыі Пэрсан рэзка выступіў супраць нямецка-расейскага праекту пабудовы газаправоду па дне Балтыйскага мора. І прэмьер, і экалягічныя арганізацыі матывуюць свой пратэст экалягічнай небясьпекай, якую стварае гэты праект. Могуць быць пашкоджаны баепрыпасы і сховішчы атрутных газаў, якія ляжаць на дне Балтыйскага мора з канца мінулай вайны. Да таго ж, як падлічылі швэды, газаправод па сушы праз тэрыторыю Польшчы і Беларусі быў бы значна таньнейшы. Польшча таксама крытыкавала Берлін за гэты праект. Радыё “Эхо Москвы” паведаміла, што адмоўная заява швэдскага кіраўніцтва азначае няўдачу берлінска-маскоўскага праекта.

Наш камэнтар: Каб жа яно так і было. Добры знак міжнароднай салідарнасьці супраць новага пакту Масква-Берлін, зьляпанага за плячыма народаў і падпісанага ў сібірскім Томску.

Юрка Марозаў