РАБСТВА Ў ІТАЛІІ

20 жніўня 2006 г. Нідэрляндская газэта “De Volkskrant” паведамляе, што ў паўднёваітальянскім горадзе Бары апошнім часам знойдзены 10 трупаў польскіх грамадзянаў, якія лічыліся загінуўшымі бязь вестак. Паліцыя лічыць, што гэта трупы ахвяраў мясцовых бандыцкіх груповак, якія выкарыстоўвалі сотні палякаў у якасьці рабоў на працах. Італьянская паліцыя ўжо арыштавала 40 мясцовых бандытаў, вядзецца сьледзтва. Тысячы польскіх грамадзянаў паверылі абяцанкам, апублікаваным у польскай прэсе, з прапановамі нелегальнай працы на поўдні Італіі. Польскія злачынцы рабілі гэтую рэкляму і перапраўлялі сваіх суайчыньнікаў проста ў лапы мафіёзных рабаўладальнікаў.

Наш камэнтар: Можна быць упэўненым, што польскія і італьянскія ўлады давядуць справу да канца. Злачынцы будуць пакараныя, а рабаўладальніцкія канторы разгромлены. Калі б польскія ўлады паспрабавалі “не заўважыць” ахвяраў злачынства і іхнія семьі, то польскае грамадзтва салідарна нагадала б начальству пра маральнасьць і службовыя абавязкі.

На рабскай працы ў Расеі гінуць і зьнікаюць бязь вестак тысячы беларусаў. Вядома, што расейская мафія вядзе вайну супраць нашага народу ў хаўрусе з расейскай міліцыяй і ўладамі. І хоць бы што... Няма і ня будзе ніякай рэакцыі з боку прамаскоўскага рэжыму ў Менску. Гэта зразумела. Але што жахліва — няма ніякай рэакцыі з боку беларускага грамадзтва. Колькі яшчэ расейскія бандыты будуць беспакарана зьнішчаць нашых людзей?

Валеры Буйвал