ЗЛАЧЫННЫЯ ЗАЯВЫ НАШЧАДКАЎ ЗЛАЧЫНЦАЎ

20 жніўня 2006 г. Швэйцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” піша пра рэакцыю польскіх уладаў і грамадзтва на фашыстоўска-настальгічныя заявы ў Нямеччыне. У Бэрліне днямі адкрылася выстава мясцовай арганізацыі “выгнанцаў” (маюцца на ўвазе немцы, якія ўцяклі і былі выселены з сваіх дамоў на тэрыторыі цяперашняй Польшчы пасьля разгрому нямецкага фашызму). Нарабіла шуму таксама й заява нямецкага пісьменьніка Гюнтэра Граса, які прызнаўся, што служыў у войсках СС. З пратэстам супраць “небясьпечнай і бессаромнай выставачнай дзейнасьці” у Бэрліне выступіў прэмьер Польшчы Яраслаў Качыньскі. Пры чым зрабіў ён свой антыфашыстоўскі выступ на тэрыторыі былога нямецкага канцлягеру ў паўночнай Польшчы. У КЦ Штутгофе немцы забілі 65 тысячаў чалавек. Швэйцарская газэта адзначае, што палякі не забыліся на нямецкія злачынствы часоў Другой сусьветнай вайны і рэзка рэагуюць на кожную нямецкую спробу пераглядзець тыя падзеі.

Наш камэнтар: Слушна робяць палякі! Апошнім часам заўважана, як дзе хітрамудра, а дзе нахабна-прымітыўна нямецкія гісторыкі, журналісты і рознага кшталту прадстаўнікі прызвычайваюць грамадзкую думку ў Нямеччыне (і па-за яе межамі) да новых характарыстыкаў падзеяў той вайны. Стала модным пісаць пра “польскія лягеры сьмерці Асьвенцым, Траблінку і Майданэк” (на самой справе нямецкія лягеры на тэрыторыі Польшчы), абвінавачваць польскае грамадзтва ў Галакосьце (хаця вядома, што якраз немцы былі ідэёлягамі і выканаўцамі злачынства супраць габрэйскага народа). Вось цяпер у Берліне адкрылася выстава пра тое, як “палякі высялялі немцаў”.

Што ж, і нам знаёмыя гэтыя “новыя тэорыі” нямецкай дзяржпрапаганды. Дастаткова ўспомніць антыбеларускі выступ амбасадара Нямеччыны Фрыка, зроблены ім у Курапатах два гады таму. Фрык заклікаў беларускі народ “узяць на сябе частку адказнасьці за ўсе негатыўныя бакі савецкай гісторыі”. Беларускі Народны Фронт выступіў тады з пратэстам супраць гэтай блюзьнерскай заявы нямецкага дыпляматычнага прадстаўніка. Беларускае грамадзтва павінна строга перасьледваць немцаў за кожную злачынную заяву або акцыю, накіраваную супраць нашага народу і гістарычнай праўды пра 2-ю Сусьветную вайну.

Валеры Буйвал