ЦІ БЛЮЗЬНЕРСТВА, ЦІ ПРАВАКАЦЫЯ?
11-га жніўня газэта “Наша ніва” перадрукавала з нашай фронтаўскай Інтэрнэт-старонкі мой ліст “Яднацца трэба са сваімі”, дзе ў кароткай форме мной растлумачана сутнасьць нацыянальнай здрады беларускаму Адраджэньню той часткі Фронту, якая адкалолася зь Вячоркам, Хадыкам і іншымі і схаўрусавалася з прамаскоўскімі групамі і палітыкамі. У гэтым жа лісьце гаворыцца пра пытаньне аб адказнасьці гэтых людзей перад нацыяй.
У наступным нумары, 18 жніўня, ў гэтай жа газэце зьявіуся артыкул з шалудзівай ці “здумеваёнцай” (як сказалі б палякі) назвай: “КХП-БНФ і Партыя БНФ аб'яднаюцца?” Далей ідзе нібыта пераказ майго ліста, але ў стылі бытавой фантастыкі. Гаворыцца тое, чаго ў прынцыпе ў лісьце няма. “Зянон Пазьняк, — пішацца там, — недвухсэнсоўна намякнуў, што ён ня супраць аб'яднаньня двух крылаў БНФ: Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ з Партыяй БНФ, бо па-ранейшаму працягвае лічыць “вячоркаўцаў” беларускай нацыянальнай сілай, якая змагаецца за беларускую справу.” Прачытаўшы гэтакае ёрніцтва, адразу ўзьнікае пытаньне, што гэта такое — блюзьнерства ці правакацыя? Мяркую, што апошняе. Бо дыямэтральная неадпаведнасьць зьместу публікацыі і зьместу ліста відавочная. Крывы камэнтар зроблены спэцыяльна. Сэнс правакацыі? Хутчэй за ўсё, каб паёрнічаць і заблытаць яснасьць ацэнак, выкладзеных у маім лісьце. (Але ўзровень, я вам скажу! Ня думаюць пра свой твар.)
Аб'яднаньне двух партыяў Фронту немагчымае. (Пра гэта ня раз пісалася). Занадта вялікая шкода нанесена Беларусі калябарантамі. Але каб неяк аддаліцца ад адказнасьці і хоць бы часткова змыць сваю віну, група Хадыкі-Вячоркі павінна б была выйсьці з хаўрусу з прамаскоўскімі партыямі і з камуністамі, якія цяпер найбольш агітуюць за ўдзел у выбарах у мясцовыя ворганы ўлады. Пасьля дамоўленасьці Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы аб правядзеньні ў канцы гэтага году рэфэрэндуму ў Беларусі аб так званым “канстытуцыйным акце”, становіцца зразумела, што рэфэрэндум аб інкарпарацыі Беларусі ў Расею будуць сумяшчаць з выбарамі ў мясцовыя саветы. Яшчэ ніколі (за ўсе 12 гадоў рэжыму Лукашэнкі) не ўзьнікала такой сьмяртэльнай небясьпекі для існаваньня нашай дзяржавы і нацыі як пачынае гэта зьяўляцца цяпер. Катэгарычна нельга ўдзельнічаць ў гэтых “мясцовых” выбарах і ў рэфэрэндуме. Катэгарычна нельга ісьці галасаваць. Нельга сунуць галаву ў фальсіфікацыйную машыну. Гэта будзе самазабойствам Беларусі. Неабходна рыхтавацца да супраціву і выходзіць на вуліцы, а не на галасаваньне. Ня трэба быць і палітыкам, каб гэта ўсё разумець.
Рашэньне трэба прымаць хутка. Калі ж выбар ня будзе зроблены і шанс не скарыстаны, і былыя фронтаўцы ў чарговы раз (усьлед за калякінымі, лябедзькамі, бухвоставымі, каралямі і ўсёй гэтай прамаскоўскай зграяй) зноў пойдуць заганяць народ на фальшывыя выбары ды рэфэрэндум, то змыць віну ім ня ўдасца потым нават сваёй крывёй. А тое, што пальецца беларуская кроў, калі здадуць Беларусь пад Расею, — можаце не сумнявацца. Толькі будзе ўжо позна.
23 жніўня 2006 г. Зянон Пазьняк