“РУСКІЯ” Ў ПОЛЬШЧЫ

Летам у Польшчу прыехала пару сот студэнтаў зь Беларусі, якія пацярпелі ад рэжыму за сваю нацыянальна-грамадзкую дзейнасьць, каб са згоды польскага ўраду прадоўжыць тут сваё навучаньне. Я бачыў сярод іх шмат добрых беларускіх хлопцаў і дзяўчат. Але была і моладзь іншага кшталту. Мне прыходзілася ў гэты час размаўляць з афіцыйнымі польскімі асобамі, што сустракаліся з маладымі нацыянальнымі змагарамі. Выгляд ў польскіх асобаў пасьля спатканьня быў разгублены. Беларускую мову яны там чулі нячаста і былі зьдзіўленыя што прыехала столькі “рускіх” (так яны вырашылі), якія гаварылі па-расейску і, дарэчы, ні пра беларускую культуру, ні пра палітыку ня мелі паняцьця. Прытым некаторыя дзяўчаты былі апранутыя так, як на Захадзе ўбіраюцца прастытуткі. У чарговы раз я патлумачыў палякам становішча, але, відаць, гэта мала прыбавіла ім разуменьня.

У першыя ж дні “рускія” напіліся ў інтэрнаце і пабіліся з палякамі. Нікога ня выгналі. Потым напіўся алькаголю і нахуліганіў сын А. Мілінкевіча (таксама, аказваецца, “рэвалюцыянер”, дарэчы, піў і грубіяніў у Польшчы пастаянна). Гэтага ўжо выгналі. А нядаўна самы ж беларускія студэнты (нармальныя студэнты) злавілі камбінатара: прадаваў паперкі-даведкі ўсім жадаючым пра прыналежнасьць да намётавага лягеру моладзі на плошчы Каліноўскага ў Менску. Браў нядорага — па трыццаць даляраў. Вось ужо сапраўды якія бацькі — такія і дзеці. Лепш бы яны нікуды ня ехалі, не ганьбілі б Беларусь. Толькі для такіх не існуе і няма Беларусі.

Мар'ян Ванькевіч