ЗЬ БЕЛАРУСАЎ РОБЯЦЬ ДУРНЯЎ

У сувязі з разгарам турыстычнага сэзону на Беларусі сярод іншага адбываецца шэраг кур'ёзных скандалаў. Сотні нашых грамадзянаў прыязджаюць або прылятаюць у блізкія і далёкія краіны, зьвяртаюцца са сваімі турпуцёўкамі ў аплочаныя гатэлі. А там абслуга заяўляе ім, што “вас у сьпісах няма, нумары заняты іншай дэлегацыяй...” Даводзіцца або плаціць яшчэ раз або начаваць на асфальце пад пальмамі. На шум і крык вымушана было адрэагаваць турыстычнае начальства РБ. Нават на радыё Свабода выступіў адзін турначальнік. Ён спакойна патлумачыў (і трэба прызнаць, ня схлусіў), што згаданыя сотні турыстаў былі кліентамі расейскіх турыстычных фірмаў. Беларусы паквапіліся на нізкія кошты, пададзеныя на інтэрнэтсайтах расейскіх фірмаў. Падумалі: “Своі ведь, русскіе...” І пасьпешліва паслалі грошыкі ў Маскву. У Маскве на сучаснай рускай мове такое называецца “кинуть лохов” альбо “втюхать туфту” і г.д. Чамусьці не чуваць пра сотні эстонскіх, грузінскіх, украінскіх турыстаў, якіх бы “кідалі” і “тюхалі” маскоўскія “своі”. Бо для эстонца і ўкраінца яны не “своі”. Там людзі шануюць сябе самых і ня зьвязваюцца з маскоўскімі жулікамі.

Янка Базыль