АШУКВАЮЦЬ НА МЯКІНЕ

Адным з ключавых словаў беларускага жыцьця апошняга часу стала слоўца “крэдыт”. У банках і рэклямных абьявах стракаціць ад прапановаў узбагаціцца на пазыках ад дзяржавы, каб пабудаваць дом, купіць аўтамабіль і г.д. Тысячы нашых грамадзянаў узялі крэдыты, распачалі будаўніцтва, набылі каштоўныя прадметы ў растэрміноўку. Але праз кароткі час раптам пераканаліся, што выплочваць па крэдытах няма з чаго. Зарабіць на радзіме немагчыма, паедзеш у Расею — забьюць. Многія людзі ў адчаі, у многіх ужо канфіскаваны неаплочаныя аб'екты. Але рэклямная машына працягвае абалваньваць грамадзтва “нечаканым шчасьцем”. Чаму раптам рэжым, які ніколі раней не вызначаўся шчодрасьцю, распачаў гэтую шумную кампанію? Адкуль у беларускіх банках раптам узяліся вялікія сродкі на крэдыты? Вядома, што гэтыя сродкі беларускім банкам выдаюць расейскія банкі (вядомыя сваёй мафійнасьцю). У выніку разараюцца ня толькі неасьцярожныя грамадзяне, але і беларускія банкі-крэдыторы паступова пераходзяць у абсалютную кабалу да расейскіх донараў. Праз пэўны час гэты працэс павінен скончыцца поўным падпарадкаваньнем нашай банкаўскай сістэмы расейскаму мафійнаму капіталу. Многія разумныя беларусы ўжо здагадаліся, што супраць нас вядзецца фінансавая вайна. Але яшчэ большая колькасьць нашых грамадзянаў энтузіястычна прымае траянскага каня ад маскоўскіх данайцаў.

Янка Базыль