“ПАЧАМУ НАС НЯ ЛЮБЯТ?”

18 жніўня 2006 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведамляе пра прыгоды зямлякоў у Ірляндыі. У некаторых графствах Ірляндыі ўлады вымушаны былі ўвесьці строгую квоту на адлоў рыбы ў азёрах і рэках (ня больш за чатыры рыбіны ў дзень). Справа ў тым, што тысячы летувісаў і палякаў, якія адпачываюць, вучацца, працуюць і падарожнічаюць на зялёнай выспе, актыўна займаюцца рыбалкай, вараць рыбу на вогнішчах (што даўно ўжо ня робяць мяцовыя жыхары). У выніку рыбнае пагалоўе ў ірляндскіх азёрах пастаўлена пад пагрозу.

Наш камэнтар: Беларус, які вырываецца на Захад з ізаляванай шклоўскім рэжымам Беларусі (паводле антыбеларускага пагадненьня Масквы-Брусэлю), вельмі часта сустракае ў Італіі, Англіі, Ірляндыі, Францыі і іншых краінах нашых былых суседзяў па “соціалістіческому лагерю і СССР”. У адрозьненьні ад нас, летувісы, палякі і шэраг іншых езьдзяць па Эўропе бязь візаў (бо ў іх няма прамаскоўскіх рэжымаў і ізаляцыі). Іх, сапраўды, вельмі шмат. Настолькі шмат, што прадстаўнікі гэтых народаў часам парушаюць мясцовыя правілы жыцьця і ствараюць пэўныя праблемы. Але гэта ня ёсьць галоўная прыкмета свабоды перасоўваньня тых жа летувісаў і палякаў. У кожным культурным цэнтры, у кожнай турыстычнай зоне можна сустрэць экскурсіі з польскіх і летувіскіх грамадзянаў. Ім заўсёды расказваюць на іхнай роднай мове (або пад пераклад на родную мову) пра музэі і помнікі. Яны заўсёды вельмі прыязна сустракаюцца з зямлякамі, размаўляюць на роднай мове з гэтымі незнаёмымі людзьмі, якіх напаткалі далёка ад радзімы. Гэта нармальна для любога народу. А тым часам беларусаў паўсюль трактуюць як “русскіх турістов”. Улічваючы вельмі кепскую рэпутацыю расейцаў у Эўропе за іхнае хамства і мафію, нашым людзям прыходзіцца нацярпецца насьмешак, кпінаў, а часам і зьдзекаў.

Але яны так і не разумеюць, чаму іх гэтак трактуюць, (нават звыклага пытаньня “за што” не задаюць) хоць ў прынцыпе толькі самы і вінаватыя. Першае, што закрычыць турыстычная грамада з РБ, ад'яжджаючы ў Румынію, Італію або нават Польшчу: “А будет лі предоставлен нам русскоязычный гід? Вы же обешчалі...” Нават там, дзе турыстаў з РБ тысячы (як напрыклад, на румынскіх пляжах, куды нас яшчэ пакуль пускаюць без ідыёцкіх даведак “о доходах” і іншых бюракратычных выкрутасаў), не пачуеш беларускага слова. “Отдыхаюшчіе” з Мазыра, Гомлі, Менска, Берасьця ў прынцыпе нічым не адрозьніваюцца ад публікі з матушкі-Россіі. Зрэдку на пытаньне мясцовага насельніцтва наконт “как там у вас прі Путіне?” культурны беларус ветліва, але выразна падкрэсьліць: “Мы ня рускія, мы беларусы. Прашу ня блытаць, мы ж ня блытаем вас з цыганамі або немцамі...” Русіфікатарскаму маразму актыўна спрыяюць турыстычныя фірмы РБ. Абсалютная большасьць супрацоўнікаў, экскурсаводаў, кіраўнікоў праграмаў (па-за рэдкім выключэньнем) у гэтых канторах — гэта “русскоязычные” непісьменныя, часта надзвычай прымітыўныя асобы, якія ня маюць ўяўленьня пра гісторыю і культуру Беларусі і іншых краінаў, жывуць пад расейскімі рэклямнымі плякатамі і паводле цемрашальскіх (часта распрацаваных непасрэдна ў гэбэ) турыстычных агітак. Такія распавядуць вам на экскурсіі ў Вільні, што “русскіх тут всегда было много, а Вітовтас Велікій говоріл по-літовскі...” Пасьля краху антынароднага рэжыму ізаляцыі-русіфікацыі прыйдзецца беларускаму грамадзтву аздараўляць сярод іншага і сваю турыстычную індустрыю.

Валеры Буйвал