ГАЛОЎНАЯ КАШТОЎНАСЬЦЬ КУЛЬТУРЫ
18 жніўня 2006 г. Дацкая газэта “Information” піша пра новую ініцыятыву Дацкай Народнай партыі. Скандынаўскія нацыяналісты распачалі шырокую грамадзка-палітычную кампанію за прыняцьце новага закону аб дацкай мове, паводле якога афіцыйныя ўстановы павінны будуць выконваць усе пісьмовыя матэрялы і дакумэнтацыю толькі на дзяржаўнай дацкай мове. Газэта друкуе некалькі прыкладаў цяперашняй бюракратычнай “навамовы”, шчодра перасыпанай амэрыканскімі і ангельскімі “пантовымі” слоўцамі.
Наш камэнтар: Чытаючы гэтыя фрагмэнты-прыклады, нават не адразу здагадваешся, што гэта dansk sprog (дацкая мова). Знаёмыя і нам “падладжваньні” пад амэрыканшчыну з лексікону савецкіх людзей кшталту: “шузы”, “мая гёрла”, “ес, бэбі” “окэй” і г.д. Як заўсёды і паўсюль, менавіта нацыяналісты (якіх лібэралы-сацыялісты-камуністы абзываюць “фашыстамі” ды “нацыстамі”) выступаюць у абарону найвялікшай нацыянальнай сьвятыні, дару Божага — роднай мовы. Дацкая мова мае вялікую гісторыю, на ёй створана арыгінальная літаратура, у ёй заключана душа паўночнага народу. Лінгвісты-замежнікі плачуцца, што “вывучыцца размаўляць па-дацку немагчыма”, што “дацкая — гэта ня мова, а хвароба горла, апечанага гарачай бульбінай...” і г.д. На гэта датчане толькі пасьмейваюцца. Не адзін раз за сваю гісторыю магутныя і навязьлівыя суседзі спрабавалі заглушыць і зьнішчыць мову датчанаў. Напрыклад, у 18-м стагоддзі каралеўскі двор, а разам зь ім і амаль уся дваранская эліта перайшлі на нямецкую — мову больш магутных, больш шматлікіх і агрэсіўных суседзяў. Дваране цураліся роднай мовы, грэбліва называлі яе “говарам непісьменных рыбакоў і сялянаў”. Ужываўся таксама знаёмы нам аргумэнцік, што “дацкая — адна з германскіх моваў дык вось і трэба пераходзіць усім на блізкую нямецкую, на якой размаўляюць многія мільёны людзей у розных краінах, жыць будзе камфортней...” Але разам з 19-м стагоддзям у Эўропе пачаліся нацыянальна-культурніцкія рэвалюцыі, хваля нацыянальных адраджэньняў ахапіла тады практычна ўсе народы. Інтэлектуалы-рамантыкі высьмеялі і абверглі фальшывую аргумэнтацыю “інтэрнацыяналістаў”-прагматыкаў. У Даніі інтэлігенцыя распачала магутны рух Скандынавізму за адраджэньне ўсяго роднага. Пісьменьнікі, гісторыкі, прафэсура зьвярнуліся да згаданых рыбакоў і сялянаў, каб навучыцца роднай мове і вярнуць яе да паўнавартаснага жыцьця. Рух завершыўся перамогай. Але гістарычны досьвед паказвае, што кожнае пакаленьне мае сваю адказнасьць за абарону і захаваньне мовы. Бо заўсёды існуюць спакусы прагматычнага камфорту, “велікій международный язык” (“на котором разговарівал Ленін” ці яшчэ што-небудзь). Вось і ў наш час ня толькі Беларусь (якая пасьля 200 гадоў расейскай акупацыі яшчэ не пазбавілася ад акупацыйнага рэжыму шклоўскіх русіфікатараў), але і Данія (незалежная ўжо тысячу гадоў) мусяць змагацца за сваю родную мову.
Валеры Буйвал