У “ХІЗБАЛЫ” РАСЕЙСКАЯ ЗБРОЯ
17 жніўня 2006 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” публікуе артыкул, прысьвечаны расейскаму гандлю зброяй. Пасьля цяжкіх баеў на Блізкім Усходзе ізраільскае грамадзтва пачынае разумець, чыя зброя паліла іхнія танкі. Ізраільская газэта “Хаарэц”, а потым і начальнік выведкі краіны Аарон Зээві-Фаркаш распавялі, што ў руках “Хізбалы” былі расейскія гранатамёты РПГ-29 і зэнітныя ракеты СА-18. Расея была паставіла гэтую самую сучасную зброю Сірыі і Ірану, а тыя ў сваю чаргу перадалі яе “Хізбале”. Далей польская газэта пералічвае краіны, куды Расея прадае зброю: Судан (масавыя забойствы насельніцтва ў Дарфуры), Вэнэсуэла, Кітай, Іран, Сірыя і шэраг іншых зонаў тэрарызму і канфліктаў. Маскоўскія “экспэрты” з “дасьледчых інстытутаў” таксама атрымалі слова ў гэтым артыкуле. Яны зашумелі: “Гэта ўсё толькі прапаганда!” Найбольш цікавы камэнтар аднаго зь іх. А. Цыганок: “Если на Ближнем Востоке нашли оружие, похожее на РПГ, это ещё ничего не значит...”
Наш камэнтар: Італьянцы гукнулі б гэтаму Цыганку на ягоны бессаромны выверт: “Bravo, maestro!” Толькі ўжо выкручвацца ад адказнасьці гандлярам сьмерцю становіцца ўсё цяжэй. На прыканцы згаданага артыкула польскі аналітык Анджэй Вільк слушна заўважае: “Афіцыйна расейцы не вядуць з “Хізбалой” ніякіх справаў і маюць чыстыя рукі”. Ён жа нагадаў, што значную частку зброі Расея прадае праз Беларусь. Гэтая тэма яшчэ недастаткова сур'ёзна гучыць у міжнародных камэнтарах па праблеме. Над гэтым, на жаль, яшчэ не задумваецца беларускае грамадзтва. А задумацца трэба, пакуль ня позна. У Масквы будуць “афіцыйна чыстыя рукі” і вёрткія “экспэрты”, а беларусам прыйдзецца несьці адказнасьць і прымаць удары ад міжнароднай супольнасьці за брудныя справы расейскага мілітарызму.
Юрка Марозаў