БІБЛІЯТЭКІ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ БОЛЬШ НЯМА
На патрабаваньне Гаспадарчага суду Менску 17-га жніўня цалкам вызвалена ад кніжак і мэблі памяшканьне бібліятэкі Дому літаратара. Апошнім рэйсам накіраваліся ў Ліду рэшткі бібліятэкі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Ля будынку Дому літаратара ў гэты дзень загружалі ў фуру кнігі й мэблю. У сярэдзіне ліпеня была вывезена асноўная частка пісьменьніцкай бібліятэкі — больш за 35 тысяч тамоў. Усяго кнігазбор налічвае каля 45 тысяч тамоў.
(Івашчанка:) “Папраўдзе, проста сьлёзы наварочваюцца, гледзячы... Бо гэта нават не трыццацігадовай даўніны праца, а, можа, і пяцідзесяцігадовай даўніны. Асобным фондам мы пакуль пакінулі каля 1 000 кніг з аўтографамі, старыя падшыўкі газэты “ЛіМ”, пачынаючы з 1947-га году, і пэўную частку вельмі каштоўнай літаратуры”.
(Карэспандэнтка:) “Што будзе ў тым пакоі, дзе месьцілася бібліятэка?”
(Лепеш:) “Пуставаць ня будзе”.
Са зьвестак Анатоля Івашчанкі, тут, магчыма, будзе заля рэстарацыі.
У ліпені перавозку асноўнай часткі кніг прафінансаваў Лідзкі райвыканкам, які прыняў рашэньне захаваць пісьменьніцкі кнігазбор асобным фондам у цэнтральнай бібліятэцы Ліды. Прадстаўнік Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік удакладняе.
(Cуднік:) “Дакладней, вязуць пакуль што ў Мінойты. У самой Лідзе памяшканьне не гатова. Там ёсьць будынак, у якім будзе праведзена рэканструкцыя. Я зьвязваўся з начальнікам аддзелу культуры — яны арганізуюць разгрузку. Будзе зроблена сартыроўка, пераінвэнтарызацыя кніг. Штосьці, мабыць, адбракуюць, нешта аддадуць у вясковыя бібліятэкі.
2-га сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня рэжыму, паводле якога кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў мусіць вызваліць Дом літаратара й сплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду пакояў у адабраным будынку.
Ганна Соўсь (Радыё “Свабода”)