РЭЖЫМ ЗАБАРАНІЎ СЛОВА “АКАДЭМІЯ”

У выніку Творчае грамадзкае аб'яднаньне пад назовам “Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва” пасьля дзесяці гадоў пасьпяховага чыну вырашыла самараспусьціцца. Пра гэта заявіў кіраўнік арганізацыі Фэлікс Янушкевіч.

Прычына такога рашэньня палягае ў фактычнай забароне ўладамі грамадзкім арганізацыям карыстацца ў сваіх назовах словам “акадэмія”.

Міністэрства юстыцыі, якое даслала акадэмікам ліст, паведамляе, што ў зьвязку з заменаю назвы яны мусяць прайсьці працэдуру юрыдычнае перарэгістрацыі. Спадар Янушкевіч лічыць, што справа тут не ў падпалым пад афіцыйную забарону слове, а ў жаданьні ўладаў стварыць дадатковыя перашкоды ў дзейнасьці грамадзкіх аб'яднаньняў. Тым больш, што год таму яны ўжо змушаныя былі перарэгістроўвацца ў сувязі з забаронаю ўжываць у назовах статусу кіраўнікоў грамадзкіх структураў слова “прэзыдэнт”.

(Янушкевіч:) “Летась мы атрымалі паведамленьне, што трэба замяніць слова “прэзыдэнт” у назове кіраўніка аб'яднаньня на іншае, бо “прэзідэнт у нас адзін”. І мы цэлае лета займаліся перарэгістрацыяй у сувязі з гэтым і замянілі прэзыдэнта на старшыню прэзыдыюму Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. Ну а цяпер нам прапанавалі патраціць яшчэ адно лета. Але я так мяркую, што на гэтым этапе перарэгістрацыі ўжо не адбудзецца...”

Таму грамадзкае аб'яднаньне “Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва” вырашыла ня траціць марна час і грошы на чарговае хаджэньне па чыноўных кабінэтах, а працягваць займацца тым, чым і за дзесяцігадовую ранейшую легальную гісторыю існаваньня — маляваць, ладзіць выставы і пленэры імя выбітных дзеячаў беларускае культуры, падтрымліваць маладыя таленты. А найменьні акадэмікаў ім пакіне гісторыя.

(Янушкевіч:) “Ёсьць у нас адзін акадэмік — Мікола Селяшчук, які адышоў у вечнасьць яшчэ на пачатку нашай акадэміі, у 1997 годзе. На пліце на ягонай магіле напісана — “Акадэмік жывапісу”. Таму я думаю, гэтыя найменьні ўжо застануцца за намі...”

Нагадаем, што апрача мастакоў слова “акадэмія”, якое ўказам антыбеларускага рэжыму падпала пад забарону месяц таму, у сваіх назовах мелі яшчэ некалькі грамадзкіх арганізацыяў. У іх ліку Акадэмія бізнэсу, Славянская акадэмія, Акадэмія габрэйскай культуры і мастацтва і іншыя.

Валянціна Аксак (радыё “Свабода”)