ТАЕМНАЕ СТАНОВІЦЦА ЯЎНЫМ

14-га ліпеня на стар. расейскага парталу “прогносіс ру” быў зьмешчаны артыкул І. Расолава “Россія — Беларусь: “дружественное поглощеніе”. Яго шмат дзе перадрукавалі ў Сеціве, дадаўшы наступнае рэзюмэ: “Артыкул І. Расолава выяўляе адзін з плянаў Масквы па падрыхтоўцы аншлюса Беларусі. Фактычна беларускім нацыянальна-дэмакратычным сілам прапануецца спыніць “мочіть” за што папала Маскву, і лепш хутчэй брацца за “кансалідацыю”. Кансалідавацца прапануюць “на аснове адзіных каштоўнасьцяў — барацьбы за свабоду палітзьняволеных,” натуральна забыўшыся пра рэальныя адзіныя каштоўнасьці — незалежнасьць нашай краіны. Пасьля прачытаньня артыкула становяцца зразумелымі і лягічнымі апошнія дзеяньні некаторых палітычных сілаў у Беларусі і іхняя сапраўдная мэта.”

Артыкул, як і бальшыня агентурных тэкстаў такога роду, напісаны даволі цынічнай мовай, з прыхаванай грэблівасьцю да ўсяго беларускага. “К удивлению наблюдателей, оппозиция готова терпеть “батьку” (или его ставленника), только бы не стать до конца губернией Москвы,” — удавана зьдзіўляецца масковец і прапануе хутчэй правесьці ў Менску новы “кангрэс дэмакратычных сілаў” (падстаўной апазыцыі). Для Масквы патрэбны новы, сьвежы, яшчэ больш прамаскоўскі стаўленьнік.

Усё гэта зразумела і вядома. Невядома было толькі тое, што Ільля Расолаў быў даверанай асобай А. Казуліна на “выбарах” прэзыдэнта а заадно зьяўляецца каардынатарам беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Ён расеец, жыве ў Маскве, супрацоўнічае з праваахоўнымі арганізацыямі, юрыст па адукацыі. Генэрал Алексій ІІ узнагародзіў яго залатым мэдалём “Преподобного Сергия Радонежского I степени”.

Як “стварылі” партыю Казуліну і хто такі Казулін (якога Масква “кінула”) — усе ўжо ведаюць. Цікава аднак тое, як у апошні час пачала сыпацца маскоўская агентура ў Беларусі.

Яшчэ не пасьпелі забыцца пра шпіёна Суздальцава, які прызнаўся што дванаццаць гадоў працаваў над стварэньнем прамаскоўскай апазыцыі ў Беларусі (у хаўрусе зь Вікам), аж тут на табе Расолаў вылазіць. Прыйдзе час ці тое яшчэ даведаемся.

Мар'ян Ванькевіч