РЭЖЫСУРА ВАЙНЫ

11 жніўня 2006 г. Брытанская газэта “Independent” публікуе артыкул пад тытулам “Расея губляе цярплівасьць з нагоды рэзалюцыі па Лівану”. У ААН вялася дыскусія вакол праекту рэзалюцыі па ўрэгуляваньні блізкаўсходняга канфлікту. Расея не прыняла праект, падрыхтаваны ЗША і Францыяй. Прадстаўнік РФ В. Чуркін выступіў з палымянай філіпікай: “Мы ня можам сядзець тут і чакаць, пакуль нешта здарыцца... Мы павінны спыніць забойства”.

Наш камэнтар: Мы добра памятаем, як пачалося гэтае забойства. Месяц таму напярэдадні саміта “васьмёркі” у Пецярбургу (дзе Захад павінен быў выказаць сваю пазіцыю наконт умяшальніцтва Расеі ў справы Украіны і Беларусі) байцы “Хізбалы” захапілі двух ізраільскіх жаўнераў. На ваенныя дзеяньні Ізраіля яны адказалі залпамі ракетаў па ізраільскіх населеных пунктах. У выніку на саміце ў цэнтры абмеркаваньня апынуўся Блізкі Усход, а не ўкраінскія і беларускія справы... Расейскія СМІ паведамляюць: “Іран паставіў “Хізбале” ракеты... іранскія ракеты падбілі ізраільскія танкі...” Цікава, а хто паставіў Ірану гэтыя ракеты? Вядома, што гэта рабіла і працягвае рабіць Расея. Спалены ўжо дзесяткі ізраільскіх сучасьнейшых танкаў. Таму што па іх страляюць з расейскіх гранатамётаў РПГ яшчэ больш сучаснымі “разумнымі” запраграмаванымі снарадамі, якія накіроўваюцца ў найменш абароненыя месцы танка і зьнішчаюць яго разам з экіпажам. Так ваяваць можна дзесяцігоддзямі, а Масква будзе зграбаць нафтавае і залатое жніво вайны. І вось на фоне гэтага чарговага крамлёўскага злачынства загучалі галасы сучасных дзеканозавых і молатавых: “Нет войне, товарішчі, не допустім!” Псіхічна нармальны тэатразнаўца ня здольны разабрацца ў гэтым тэатральным майстэрстве лубянскай дыпляматыі. Нармальнай чалавечай лёгіцы непадуладны гэты людажэрны маскоўскі тэатр. Вось вынік дваццацігадовых памкненьняў Захаду (і грашовых уліваньняў) на захаваньне і “дэмакратызацыю” СССР, а потым РФ. Захавалі на сваю галаву. Цяпер бадзёрыя лубянцы ў Крамлі націскаюць на сваім пульце клавішы і запускаюць па чарзе канфлікты і выбухі ў розных частках сьвету.

Юрка Марозаў