10 жніўня 2006ВОСЬ ШТО ЗНАЧЫЦЬ УНУТРАННАЯ АКУПАЦЫЯАказваецца для сябе, ва ўнутранным ужываньні яны даўно ўжо карыстаюцца акупацыйнай сымволікай — сьцягам і гэрбам Расеі. У лукашысцкай “палаце”, якую яны выстаўляюць нібыта парлямантам, даўно вісяць расейскі сьцяг і двугаловы расейскі імпэрскі гэрб. Дванаццаць гадоў беларусы пра гэта ня ведалі. Бо антыбеларускі рэжым не афішуе свайго ўнутраннага жыцьця. Але гэта не было і вялікім сакрэтам. Шмат хто бачыў. Бывалі тут так званыя журналісты (так і хочацца сказаць — з курынымі мазгамі), усё бачылі, пісалі, фатаграфавалі, але нічога не асядала ў іхных галоўках, ніякіх думачак (сьляпыя праўды не імуць). І ўсё гэта трывала гадамі, пакуль за рэжымную шырму дыктатуры выпадкова не глянулі здалёку, пакуль Сяргей Навумчык, будучы ў Нью Ёрку, не зазірнуў на сайт “палаты прадстаўнікоў” Рэспублікі Беларусь. Што ён там убачыў і якія высновы з гэтага вынікаюць ён распавядае ў сваім артыкуле, які тут прапануем са старонкі “Нашай нівы”.Зянон ПазьнякПад расейскім трыкалёрам і арломНа пачатку 1990-х мы, тагачасныя актывісты БНФ, казалі, што дзяржаўныя сымбалі і мова — гэтак жа важныя, як і эканоміка.Мы памыляліся.У параўнаньні са Сьцягам, з Гербам, з мовай, эканоміка (якая ў жыцьці грамадзтва, канечне, важная) ня мае ніякага значэньня. Удакладняю: яна ня проста менш істотная ці мала істотная — яна ўвогуле ня мае значэньня, калі на карту прастаўлены лёс сымбаляў і мовы. Бо ад апошніх залежыць і лёс народу.Гісторыя мае шмат прыкладаў, калі эканоміка адраджалася за некалькі гадоў у краінах, дзе прамысловасьць і інфраструктура былі разбураныя ўшчэнт (Нямеччына на мяжы 1940–1950-ых). Але няма ніводнага прыкладу, калі б насельніцтва, якое згубіла нацыянальныя арыенціры, дасягнула б дабрабыту (некаторыя афрыканскія краіны, дзе разбураная грамадзянская супольнасьць, ня могуць ўзьняцца нават пры мільярдных датацыях Захаду).Некалькі гадоў таму ў ЗША рэстаўравалі стары зорна-паласаты сьцяг незвычайнага вялікага памеру, зь якім зьвязаны славуты эпізод амэрыканскай гісторыі. Рэстаўрацыя рабілася ў лябараторыі некалькі год з выкарыстаньнем самых каштоўных мэтадаў кансэрвацыі і каштавала некалькі мільёнаў (!) даляраў. Амэрыка — самая багатая краіна, але і тут хапае сацыяльных праблем. Напрыклад, больш як 40 мільёнаў грамадзянаў ЗША ня маюць мэдычнай страхоўкі. Заўважу, што гэта ня самыя бедныя — самыя бедныя акурат маюць сацыяльную страхоўку. Гэта — сярэдні стан грамадзтва з даходам ад 50 да 75 тысяч даляраў на год, каму на працы страхоўку не даюць, а самому набыць задорага — бо трэба выплочваць крэдыт за жыльлё, вучобу дзяцей і г.д. Такая публіка пераважна адукаваная, яна чытае газэты і, натуральна, можа ў газэты напісаць. Аднак а ні ў воднай амэрыканскай газэце не было дыскусіі — а ці трэба выдаткоўваць вялізныя грошы на кавалак матэрыі, ці ня лепш спачатку “падлячыць народ” (у варыянце менскіх лібэралаў было б — “накарміць”)? Ніхто не заклікаў да “прагматызму” менавіта таму, што амэрыканцы — надзвычай прагматычныя людзі і прыярытэты што ў асабістым, што ў дзяржаўным жыцьці вылічваюць матэматычна дакладна.Апошнім часам усё часьцей даводзіцца чуць пра “непрагматызм” галадоўкі дэпутатаў БНФ у Авальнай залі парлямэнту ў 1995 г. Мне ж падаецца, што пасьля аднаўленьня Незалежнасьці — гэта самае важнае, што мы зрабілі ў тым Вярхоўным Савеце, бо выступілі за Сьцяг, Герб і мову.Мяне ўжо цяжка нечым зьдзівіць у беларускай палітыцы, але тое, што ўбачыў на сайце палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, скажу безь перабольшваньня — шакавала. Тут зьмешчаны фатаздымак пасяджэньня камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД. Зьлева — чырвона-зялёны сьцяг, а справа — сьцяг Расейскай Фэдэрацыі. А на сьценцы, разам з “лукашэнкаўскім” гербам, прымацаваны расейскі дзьвюхгаловы арол.Зазірнуў у архіў сайту — ранейшыя пасяджэньні ў гэтай камісіі таксама праходзілі пад расейскімі дзяржаўнымі сымбалямі.На міждзяржаўных, міжпарлямэнцкіх сустрэчах прынята выстаўляць на стол сьцяжкі краінаў-удзельніц. На сустрэчах прэзыдэнтаў таксама ёсьць дзяржаўныя сьцягі. Але тут, у памяшканьні Дому ўраду, расейскі сьцяг выстаўлены стала, стацыянарна ды яшчэ прымацаваны на сьцяне расейскі герб. “Палата” — не грамадзкая арганізацыя і не прыватная кантора, і міжнародная камісія — адна з ключавых камісіяў у парлямэнце кожнай краіны. Як зазначана на тым жа сайце, да кампэтэнцыі “палатачнай” камісіі належаць “пытаньні геапалітыкі, распрацоўка і ўдасканальваньне законаў аб зацьвярджэньні асноўных напрамкаў замежнай палітыкі”, “палітычныя аспэкты праблемаў раззбраеньня і бясьпекі”.Наіўна думаць, што цяперашні “парлямэнт” распрацоўвае нешта самастойна ад лукашэнкаўскай адміністрацыі, яго функцыя — хаця б сымбалічная легітымізацыя прынятых прэзыдэнтам рашэньняў. Але тым большае значэньне набывае сымбаль, пад якім гэта адбываецца.З усяго, што я ведаю пра так званую беларуска-расейскую інтэграцыю, гэтыя здымкі — найбольш яскравае сьведчаньне таго, як далёка зайшоў працэс, які я ўсё ж вызначыў бы як анэксія. У сучасным сьвеце ня трэба (дакладней — не заўсёды трэба) уводзіць дывізіі, каб узяць пад кантроль чужую тэрыторыю. Ёсьць мэханізмы палітычнага, эканамічнага, заканадаўчага паглынаньня (дарэчы, апошнім цяпер і занятая “палата”, пасьлядоўна праводзячы “ўніфікацыю” беларускага заканадаўства пад расейскае).У 1995 г. у газэце “Свабода” я надрукаваў артыкул, у якім даводзіў, што галоўнай мэтай Лукашэнкі ёсьць Крэмль. Публікацыя выклікала зьедлівыя камэнтары палітолягаў. Празь некалькі гадоў тыя ж самыя палітолягі былі вымушаныя прызнаць слушнасьць аргумэнтаў, некаторыя на разьвіцьці гэтай тэмы зрабілі сабе кар'еру. Яшчэ празь некалькі гадоў А. Фядута апублікаваў свае ўспаміны, дзе пацьвердзіў і даволі падрабязна апісаў гэтую ідэю-фікс Лукашэнкі.Мэмуары цяперашняга атачэньня пра сёньняшнія размовы ў прэзыдэнцкіх апартамэнтах — наперадзе. Але перакананы: як і раней, стратэгічнай мэтай Лукашэнкі ёсьць Крэмль. Каньюнктура пакуль не на яго карысьць. Але сытуацыя можа зьмяніцца. Ва ўсялякім разе, ён робіць усё, каб быць напагатове, каб дасягнуць сваёй мэты — і ня робіць нічога, што б яго ад гэтай мэты аддаляла.Ізноў жа, уявім, гіпатэтычна, што прэзыдэнту Летувы Адамкусу прапаноўваюць: аб'ядноўвай Летуву з Расеяй — і робісься гаспадаром Крамля. Мяркую, у адказ прагучэла б колькі спэцыфічных расейскіх словаў, за дзесяцігодзьдзі жыцьця ў ЗША не забытых былым змагаром з “энкавэдэ”. Колькі б праіснавала Незалежнасьць Беларусі пры аналягічнай прапанове Лукашэнку? Пытаньне рытарычнае.І нядаўняя дыскусія ў “НН” — “Калі Лукашэнка выступіць за беларускую дзяржаўнасьць, ці павінна апазыцыя яго падтрымаць?” — на фоне гэтага уяўляецца бессэнсоўнай. За беларускую дзяржаўнасьць ён ніколі ня выступіць. Мэта Лукашэнкі — зачысьціць тэрыторыю, якую потым можна выгадна прадаць. Мэта Крамля — узяць гэтую тэрыторыю (хто паспрабуе даказаць адваротнае, хай спачатку прыгадае, калі хоць аднойчы лідэры Расеі заявілі, што прызнаюць Незалежнасьць Беларусі).Днямі Лукашэнка зрабіў прызначэньні ў сыстэме аб'яднанага штабу “арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы” — так патрапіла, што там існуе ўпраўленьне каардынацыі плянаваньня, стасаваньня і падрыхтоўкі. Адбылося гэта на фоне ягонай заявы, што “нашае зацікаўленьне тут і наш удзел — гэта групоўка беларуска-расейскіх войскаў на заходнім напрамку”. Стратэгію і тактыку гэтай “групоўкі” распрацоўвае расейскі Генштаб. Ён жа і “каардынуе”. Прыхільнікам тэорыі, што пры Лукашэнку краіна ўпершыню здабыла ды ўмацавала дзяржаўныя інстытуцыі, магу нагадаць, што ў 1993 годзе маскоўскі Генштаб толькі марыў пра ўплыў на стратэгічнае і апэратыўнае плянаваньне ў беларускім войску — вайсковую дактрыну ў той час вызначаў Вярхоўны Савет.Сёньня “палата”, калі б і пажадала гэта рабіць, выпрацоўвала б дыктрыну пад расейскім сьцягам.У лёсе любой дзяржавы ваенны аспэкт, пытаньні абароны займаюць найважнейшае месца. Але і генэрал, і салдат, і кожны, хто хаця б дзень праслужыў у войску, ведаюць: калі дывізія губляе сьцяг, камандзір ідзе пад трыбунал, а сама дывізія расфармоўваецца. Гэты закон няўхільна выконваецца і на вайне, бо “воля да перамогі” ва ўмовах баявых дзеяньняў — не абстрактнае паняцьце.Сёньня ажыцьцяўляецца больш глябальная стратэгія, чым проста вайсковая, — стратэгія стварэньня “небеларускай Белоруссіі”. Канчатковая мэта — зьнішчыць у беларусаў нацыянальную самасьвядомасьць, каб на рэфэрэндуме яны самі прагаласавалі за аб'яднаньне, і нават пры ўдзеле міжнародных назіральнікаў “дэмакратычна” паказалі патрэбны вынік. І нацыянальныя сілы ня маюць ні палітычнага, ні эканамічнага, ні — давайце назавем рэчы сваімі імёнамі — вайсковага патэнцыялу, каб спыніць такі сцэнар, калі Масква і Лукашэнка пажадаюць яго давесьці да канца.Вам падаецца такі вынік плебісцыту нерэальным? Паверце, што ў пачатку 1995 году бальшыня палітолягаў лічылі, што і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, і “Пагоня” — назаўжды.Але пачалі якраз са Сьцяга, з Гербу, з мовы — і вось цяпер ў Доме ўраду на гаспадарскім месцы стаіць расейскі трыкалёр і вісіць двухгаловы арол.Некалькі гадоў я спрачаюся з палітолягамі, якія лічаць, што “Незалежнасьці Беларусі нічога не пагражае”. Аргумэнтам яны ня вераць.Магчыма, цяпер яны павераць уласным вачам?Сяргей НавумчыкНа здымках: паседжаньне “палаты прадстаўнікоў”.