БЕЛАРУСКІЯ ВЕРНІКІ ЎШАНОЎВАЮЦЬ ПАМЯЦЬ ПАКУТНІКАЎ-МАРЫЯНАЎ

Серада, 9 жніўня 2006г. Беларускія духовыя хваласьпевы гучаць зараз на дарозе з Полацку ў Дрысу. У мястэчка Росіца, што на Дрысеншчыне, ідзе шматлюдная пілігрымка. Яна выправілася ўчора ад полацкага касьцёлу Сьвятога Андрэя Баболі да месца пакутніцкай сьмерці беларускіх сьвятых — ксяндзоў-марыянаў Антонія Ляшчэвіча ды Юрыя Кашыры. Сёньня ж у Росіцу выпраўляецца пілігрымка з Друі — цэнтра беларускіх марыянаў.

Росіцкая трагедыя надарылася ў лютым 1943 году. Тады карнікі Латыскага легіёну жыўцом спалілі ў адрыне некалькі сотняў беларускіх жыхароў. Ксяндзы Антоні Ляшчэвіч ды Юры Кашыра маглі застацца жывымі, але пайшлі разам зь людзьмі ў агонь. У 1999 годзе Папа Рымскі Ян Павал ІІ далучыў іх да ліку сьвятых.

Гаворыць адзін з арганізатараў пілігрымкі ксёндз Вячаслаў Пяленак:

(кс. Пяленак:) “Шостым разам мы выйшлі сёньня ў пілігрымку да росіцкіх пакутнікаў. Для нас гэта вельмі важна, бо гэта ня толькі памяць пра жахі вайны, але й прыклад — як трэба змагацца зь любой навалай, як змагацца з пагрозамі, якія стаяць на шляху, і як у надзвычай складаных абставінах застацца чалавекам, ня здрадзіўшы высокім ідэалам, якія для нас, вернікаў, важнейшыя нават за жыцьцё”.

У пілігрымцы бяруць удзел 70 вернікаў. У асноўным, гэта моладзь з Полаччыны, а таксама з Оршы, Глыбокага, Барысаву ды іншых гарадоў.

(паводле Радыё “Свабода”)