СЛАБЫ ЎЗРОВЕНЬ ЖУРНАЛІСТЫКІ
8 жніўня 2006 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” дае паведамленьне зь Беларусі пад тытулам “Бальшыня беларусаў задаволена ўзроўнем жыцьця”. Пад тытулам — густа замешаная аптымістычная статыстыка. 51% беларусаў лічаць, што за часы цяперашняга кіраўніцтва краіны іхны ўзровень жыцьця палепшыўся. Толькі 17% апытаных лічаць, што гэты ўзровень пагоршыўся. Ажно 60% беларусаў упэўнены, што пры цяперашнім дзяржкіраўніцтве магчымым ёсьць паляпшэньне сітуацыі. Тым ня менш 55% прызналіся, што ім не хапае грошай на вопратку і ежу. А спасылаецца адна з галоўных польскіх газэтаў на такі “Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў”, які месьціцца ў Вільнi.
Наш камэнтар: Шкада, што польскія газэтчыкі не падаюць імёны гэтых “незалежных” інстытутчыкаў. Мы б з лёгкасьцю пазналі шэраг “проверенных чекістов”, якія зьнясільваюцца за мяжой РБ, забясьпечваюць Польшчу і ўвесь цывілізаваны сьвет “незалежнай” статыстыкай. Вось вынік усяго леташняга-пазалеташняга ляманту з “оппозіціонным універсітетом” ЕГУ, які на брусэльска-нямецкія грошы перавялі зь Менска ў Вільню. Лубянская кантора атрымала легальны цэнтар і надзейны дах для антыбеларускай агентурнай дзейнасьці. На вачах зьбітага з панталыку летувіскага грамадзтва пашыраецца сетка антыбеларускіх “незалежных” кантораў. Яны раскажуць суседнім народам і далёкім краінам, як беларусы любяць лукашызм, як “оні все за русскій язык”, пра гераізм мілінкевічаў і вінцучкоў з лебедько... Бліскучы ўзровень варшаўскай журналістыкі! Гэта ўсяроўна, як бы падчас крывавых рэпрэсіяў часу ваеннага становішча ў 1980-я гады салідная эўрапейская газэта надрукавала б статыстыку з Польшчы: “палякі любяць Ярузэльскага, яны задаволены ўзроўнем свайго жыцьця...”
Вядома, што на працягу шэрагу гадоў непасрэдна ў Беларусі час ад часу зьяўляюцца такія польскія “журналісты”. Хрэстаматыйнай асобай сярод іх даўно стаўся такі Влодімеж Пац. Гэта ён рэгулярна перадае ў Польшчу ўсе фальшыўкі псэўдаапазіцыі, піша ў сваіх рэпартажах на тэму рэпрэсіяў рэжыму супраць патрыётаў: “Пасьля Чарнобыльскага шляху на плошчы ў цэнтры Менска засталіся невядома хто. Міліцыя разагнала невядома каго...” А падчас рэпрэсіяў супраць абаронцаў Курапатаў у 2001 г. Пац паведаміў на польскае тэлебачаньне: “Беларуская апазіцыя лічыць, што ў лесе ў Курапатах пахавана некалькі тысячаў ахвяраў. Перад бульдозэрамі каля крыжоў стаяла няшмат, усяго каля дваццаці чалавек. Пратэст грамадства быў слабы. Улады хутка апанавалі сітуацыю...” Беларускі Народны Фронт накіраваў тады пратэст супраць гэтага блюзьнерскага пасквіля ў амбасаду Польшчы. Але, мабыць, не падзейнічала... Фальсіфікацыя падзеяў у Беларусі рукамі недалёкіх і несумленных “спэцоў” ўжо стала прывычнай саправай.
Юрка Марозаў