КАРОТКАЯ ПАМЯЦЬ — КАРОТКІ РОЗУМ

8 жніўня 2006 г. Славацкая газэта “Novy Cas” (і шэраг іншых заходніх СМІ) публікуе са спасылкай на расейскае інфармагенства паведамленьне з Чачэніі. Там днямі былі зьнішчаны выбухамі некалькі вежаў электраперадачаў. “Як заяўляюць расейскія ўлады, — пішуць славакі, — ў Чачэніі ўжо ўсталяваны мір. Такія інцыдэнты замінаюць мірнай адбудове ў рэспубліцы”.

Наш камэнтар: Штогод у Славаччыне ўрачыста адзначаюць угодкі Славацкага Народнага паўстаньня, якое ўспыхнула ў верасьні 1944 г. і было крывава здушана нямецка-фашыстоўскімі акупантамі. Паводле газэтнай лёгікі, славакам трэба было б будаваць юбілейныя камэнтары на нямецкіх акупацыйных і мясцовых прафашыстоўскіх газэтах таго часу. Яны паведамлялі тады: “Бандыты ўшчалі мяцеж супраць народнай улады і вызваліцеля славацкага народу Адольфа Гітлера...” Абсурд, ці ня праўда? Славацкія камэнтатары не дазваляюць сабе такога блюзьнерства з уласнай гісторыяй, з трагедыяй уласнага народу. А вось з трагедыяй чачэнскага народу можна. Можна бяз ценю сумневу перадрукоўваць лубянскія акупанцкія фальшыўкі пра “мір в Чечне і тех, кто ему мешает”. Не прамінула і дваццаці гадоў з заканчэньня расейскай акупацыі Славакіі, а тамтэйшыя эліткі ўжо забыліся, што гэта была за “братэрская дапамога Крамля”. Кароткая памяць у самазамілаваных і самаўпэўненых “майстроў ад інфармацыі”, для якіх свабода слова азначае толькі свабоду безадказнасьці і пустаты.

Валеры Буйвал