ЗЛАЧЫНСТВА І ПАКАРАНЬНЕ

7 жніўня. Аўстрыйская газэта “Die Presse” паведамляе пра прысуд выканаўцу злачынных загадаў аргентынскай хунты ў Буэнас-Айрэсе. 65-гадовы падафіцэр паліцыі часоў ваеннай хунты (1976-83 гг.) Хуліа Сімон быў асуджаны сталічным судом на 25 гадоў турмы. Даказана ягоная віна ў забойстве і катаваньні людзей, а таксама ў выкраданьні 8-гадовай дзяўчынкі, дачкі ахвяраў рэжыму. Яшчэ 200 удзельнікаў антынародных рэпрэсіяў чакаюць суда ў Аргентыне.

Наш камэнтар: Пасьля краху хунты ў Аргентыне хваткія “рэфарматары” прыдумалі амністыю для ўсіх, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады ў 1976-83 гг. Злачынцы даволі доўга бавіліся воляй, давалі інтэрв'ю, расказвалі, што “время было такое...” Але нават праз чвэрць стагоддзя пасьля крывавых падзеяў ім не ўдалося адкруціцца ад адказнасьці. Пад ціскам народнага гневу ўлады вымушаны былі адмяніць крывадушную амністыю і прыступіць да аднаўленьня справядлівасьці. У сувязі з гэтым мы добра памятаем, як былы лукашыст асабліва набліжанага калібру (а цяпер “змагар за дэмакратыю і гранты”) А. Лебедько і ягоная АГП заяўлялі пра амністыю ўсім кіраўнікам і прыслужнікам шклоўскага рэжыму. Апошнім часам гэты Лебедько шумна гаворыць пра нейкі пацешны “судовы працэс” над А. Лукашэнкам, рэклямуе ў якасьці месца новага “нюрнбэрга” Вільню, Кіеў і нават Маскву. Зьбіраецца запрасіць у якасьці... невядома каго Вацлава Гавэла, Аляксандра Квасьнеўскага ды іншых заходніх постпалітыкаў (а пры чым яны тут?). Пад пустапарожняе шоў гэты шоў-мэн хоча сабраць грошы ва ўсіх грантаўскіх канторах. Падобна, што пэўныя сумы ён атрымае. Перш за ўсё з Масквы-Лубянкі, дзе зацікаўлены ў арганізацыі кабарэтнага “суда” над шклоўскім васалам. Усе, маўляў, пасьмяюцца з клаўнады Лебедько, і на гэтым тэма “злачынства і пакараньня” будзе зачынена. Толькі не адкруцяцца ад адказнасьці, як гэта паказвае сусьветная практыка, ані шклоўскія начальнікі са сваімі дзяржымордамі кшталту міністра-апрычніка Навумава, ані аматарскія “пракуроры-прайдзісьветы” кшталту Лебедько. Працэс над імі будзе ў адпаведнасьці з законамі Беларусі і не праз дзесяцігоддзі пасьля краху прамаскоўскай дыктатуры, а значна больш апэратыўна.

Юрка Марозаў