АСЬВЕНЦЫМ БЯСПАМЯЦТВА — ДАРОГА Ў НЕБЫЦЬЦЁ

6 жніўня 2006 г. Польская газэта “Zycie Warszawy” таксама паведамляе пра музэйны скандал. Але сутнасьць канфлікту і афарбоўка паведамленьня зусім іншыя чым у расейцаў (маецца на ўвазе кража музэйных рэчаў ў Пецярбургу). У сувязі з судовай справай імёны не паведамляюцца. Аднак стала вядома, што нашчадак аднаго з вязьняў Асьвенцыму патрабуе ад дырэкцыі мэмарыяльнага музэя ў Асьвенцыме аддаць ягонай сям'і чамадан з экспазіцыі музэя. Ён сьцьвярджае, што чамадан належаў ягонаму бацьку, які загінуў у гэтым фашыстоўскім лягеры сьмерці. Немцы, вядомыя сваёй цынічнай скрупулёзнасьцю, сапраўды прымушалі вязьняў падпісваць многія прадметы сваімі прозьвішчамі. Рассьледваньне працягваецца.

Наш камэнтар: Трэба прызнаць, што ў краінах на захад ад Беларусі мільёны семьяў захоўваюць памяць пра сваіх блізкіх і далёкіх продкаў, пра гонар і драмы свайго роду. Прычына ў тым, што там і сама сям'я як сацыяльная ячэйка не была разбураная ў выніку бальшавіцка-акупанцкіх экспэрымэнтаў па стварэньні “новага чалавека”. Для ананімнага пэрсанажа асьвенцымскай справы музэйны чамадан азначае нешта значна большае, чым пабытовы прадмет. Гэта — рэліквія, напамін аб продку, прах якога ня мае нават магілы. А вось у артэфакта пад трапнай назвай homo soveticus такі інцыдэнт выкліча толькі іранічны сьмех: “І зачем заніматься такімі пустякамі, кому это нужно?!” На вялікі жаль, значная частка сёньняшніх маладых беларусаў ня ведаюць нічога або амаль нічога аб сваіх дзядах і бабулях, ня ведаюць ужо нават імёнаў сваіх прадзядоў. Гэтаму бяспамяцтву яны навучыліся ў сваіх асавечаных і зрусіфікаваных бацькоў. Акупанцкі экспэрымэнт, што праводзіўся на нашай зямлі маскоўскімі захопнікамі, ня толькі зьнішчыў і раскідаў па сьвеце беларускія роды, але таксама выбіў зямлю з-пад ног у многіх беларускіх сем'яў. Мільёны людзей згубілі духоўную сувязь са сваёй нацыяй, культурай і нават сямейнай памяцьцю. Такімі “гомусамі” вельмі лёгка маніпуляваць любому антычалавечаму рэжыму. Акупанцкая практыка працягваецца ў Беларусі дагэтуль. Мы ня можам і тут саступіць маскоўскаму захопніку і ягоным мясцовым марыянэткам. Вяртаньне да роднай мовы, да гістарычнай памяці і сямейнай культурнай спадчыны, да разуменьня беларускага народу як нашай агульнай вялікай сям'і, а Беларусі як нашага нацыянальнага дому (які трэба бараніць) ёсьць шляхам выратаваньня нашай будучыні.

Валеры Буйвал