ТАЛЕНТЫ І ХАЛУЙСТВА
4 жніўня 2006 г. Нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведамляе, што ў сваім маёнтку ў Аўстрыі памерла 90-гадовая Элізабэт Шварцкопф. Опэрную сьпявачку-сапрана называлі галоўнай суперніцай знакамітай Марыі Калас.
Наш камэнтар: Пра адыход знакамітасьці паведамляюць практычна ўсe СМІ сьвету. Некаторыя не забываюцца дадаць, што немка Э. Шварцкопф сьпявала на канцэртах для самога Гітлера. Пасьля вайны яе доўга называлі “сапрана нацыянал-сацыялізму”. Гэтую пляму яна насіла да канца жыцьця. Зразумела, што праўду трэба казаць заўсёды, у тым ліку і пра людзей мастацтва, якія служылі сваім талентам антычалавечым рэжымам. Толькі чаму праўда гучыць толькі пра прыслужнікаў гітлерызму? А як наконт расейскай актрысы Любові Арловай, якая ў самыя жудасныя гады сталінізму ўслаўляла людажэрны рэжым? Як наконт жывапісца Дэйнэкі, стваральніка эстэтычнага “ідэалу” савецкага супэрмэну ў 1937 годзе? Пра гэтых і тысячы іншых не пазбаўленых таленту прыслужнікаў таталітарнага маскоўскага рэйху ніхто ня згадвае на Захадзе, а ў самой Расеі яны падаюцца як славутыя старонкі гісторыі “отечественной культуры”. Няхай бы толькі ў самой Расеі. Аднак прарасейскі шклоўскі рэжым на новым вітку навязвае беларусам гэтую акупанцкую “культурку”, зьнішчаючы ўсё жывое і беларускае.
Валеры Буйвал