ПРЭС-РЭЛІЗ (ЛІПЕНЬ 2006 Г.)

Адзін з папулярных лёзунгаў разьвітога фэадалізму вызначаў строгую герархію падпарадкаванасьці сярэднявечнага грамадзтва: “Васал майго васала — ня мой васал”. Як вядома, здараюцца новыя трактоўкі даўно забытага старога. 4 ліпеня ў нямецкім Бундэстагу пачаўся чарговы скандал. Фракцыя “зялёных” выступіла з рэзкім пратэстам на адрас старшыні Бундэстагу Хорста Кёлера. Справа ў тым, што гэты партайгэноссэ напярэдадні паслаў быў афіцыйнае віншаваньне “прэзыдэнту і народу РБ з днём незалежнасьці”. У гэтым пасланьні Кёлер сярод іншага кляўся ў сімпатыі і дружбе, выказваў упэўненасьць у разьвіцьці двухбаковых узаемавыгадных адносінаў і г.д. “Зялёныя” назвалі гэты ліст “недапушчальным зваротам да дыктатуры”, “незразумелым жэстам уладаў”. Сапраўды, нідзе ў цывілізаваным сьвеце кіраўнікі дэмакратычных дзяржаваў не зьвяртаюцца з такімі “віншаваньнямі” да дыктатараў, якія зьнішчаюць свой народ. Але тут йдзецца зусім пра іншую, не гатычна-рыцарскую герархію. Успомнім ганебную паслужлівасьць нямецкага эстэблішмэнту і лічно товарішча Шродэра ў фэадальных адносінах з лубянскай Масквой. Гэтая ганебная палітыка працягваецца. Працягваецца пад наноў прачытаным лёзунгам германскай васальнай залежнасьці: “Халуй майго халуя — мой халуй”.

Народ Злучаных Штатаў Амэрыкі адзначыў 4 ліпеня 230-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці сваёй краіны. У гэты дзень у 1776 годзе ў Філядэльфіі прадстаўнікамі шэрагу штатаў была прынята “Дэклярацыя незалежнасьці Амэрыкі”. Амэрыканская нацыя заявіла на ўвесь сьвет аб выбары свайго самастойнага шляху нацыянальна-дзяржаўнага разьвіцьця і скасаваньні залежных адносінаў з Вялікай Брытаніяй. Ужо на працягу году ішла вайна амэрыканскіх паўстанцаў супраць рэгулярных войскаў брытанскай кароны. Вайна працягвалася восем гадоў, да канчатковай перамогі народу ў 1783 г. Найбольш цяжкім быў першы пэрыяд змаганьня. Палкі паўстанцаў не маглі эфэктыўна супрацьстаяць у рэгулярных баях прафэсійнай брытанскай арміі. Не хапала зброі, амуніцыі, вайсковай вывучкі і досьведу сучаснай вайны. Адступаючыя паўстанцы пакідалі на сьнезе крывавы сьлед, таму што мелі на сабе парваны абутак. Шмат жаўнераў загінула ад хваробаў. Аднак шэраг паразаў не зламаў патрыётаў. Лідэр нацыі Джордж Вашынгтон здолеў стабілізаваць абарону маладой рэспублікі, забесьпячэньне арміі, запрасіў з Эўропы маладых афіцэраў. Адным з дабраахвотнікаў быў вялікі беларус Тадэвуш Касьцюшка. Таленавіты вайсковы інжынэр запраектаваў і пабудаваў для паўстанцаў вялікія ўмацаваньні, аб якія разьбіліся ўдары брытанскіх імпэрыялістаў. Рэспубліка атрымала час, неабходны дзеля фармаваньня прафэсійнай арміі і арганізацыі народнай салідарнасьці ў вызвольным змаганьні. Геній Касьцюшкі спрычыніўся да бліскучых перамогаў амэрыканцаў пад Саратогай і Ёрктаўнам на заключным этапе рэвалюцыйнай вайны. Цяпер, праз стагоддзі мы бачым, як народ і кіраўніцтва Злучаных Штатаў пасьлядоўна падтрымліваюць беларускі народ у ягоным змаганьні за незалежнасьць Дзяржавы.

8 ліпеня Дзярждума РФ прыняла новы закон. Паводле закону, прэзыдэнт РФ мае права пасылаць расейскія войскі ў “любую кропку сьвету” дзеля “барацьбы супраць тэрарызму”. Прычым, Пуцін павінен толькі “паведаміць” аб ваеннай апэрацыі. Яму не патрэбны дазвол і санкцыі парляманту, ён не абавязаны паведамляць аб колькасьці вайскоўцаў і тэхнікі, а таксама аб выніках апэрацыі (!). Крамлёўскі імпэрскі монстр сам сабе дае карт-блянш на агрэсію і вайну.

Расейскія СМІ распаўсюдзілі 8 ліпеня інфармацыю ў стылі “правоў чалавека”. Расеец А. Казакоў падаў у суд на памежную службу Латвіі, патрабуе грашовай кампэнсацыі “за моральный ушчерб”. Гэты Казакоў служыў у Рызе ў амплуа засланага казачка. Быў адным з кіраўнікоў асадніцкай структуры пад назовам “Зашчітнікі русскіх школ”, арганізоўваў шумныя акцыі пратэсту супраць навучаньня на латышскай мове. У 2004 г. ён быў затрыманы і дэпартаваны з тэрыторыі Латвіі туды, дзе ўсе школы русскіе. Раім цяпер гэтаму казачку апрануць панталёны з лампасамі, купіць шашку, нагайку і кабылу ды сьпяваць на імпэрскія сьвяты на гарадзкіх базарах і вакзалах забыты шлягер “Хотят ли русские войны, спросите вы у тишины...”

12 ліпеня ў цэнтры Масквы адбываўся моб-шмоб (вядомая сваёй бязглуздасьцю дзея, якую апошнім часам шмат паўтаралі на вуліцах Менска падстаўныя “апазыцыянэры”). Некалькі сотняў маладых людзей сабраліся на адным з бульвараў пад лёзунгам “Все свободны”, зьбіралі з асфальта лісьце і ўдавалі “полную свободу”. Калі журналісты спыталі іх, ад чаго яны “свободны”, многія адказвалі, што ня ведаюць. Потым зьявілася “сьвецкая львіца” Ксеня Сабчак і на дыялекце, блізкім да крымінальнай “фені”, патлумачыла, што “свобода — это кайф”. Усё атрымалася дастаткова сьмешна і няўклюдна (як дарэчы і шмат разоў у Менску). Лубянскім уладам хацелася б заняць маладых такой вось бессэнсоўнай лухтой, абы толькі адвесьці моладзь ад сапраўднага змаганьня за волю, адвучыць лягічна думаць і пасьлядоўна дзейнічаць. Аднім словам, “все свободны”...

У сярэдзіне ліпеня ў Пецярбурзе ўрэшце адбыўся саміт “васьмёркі” найбольш эканамічна разьвітых краінаў, ад якога так шмат чакалі народы. Падобна, што ўсё скончылася пшыкам. Журналісты ўсіх СМІ сьвету спаборнічаюць між сабой у статыстыцы: колькі тонаў ежы было зьедзена ўдзельнікамі саміту і журналістамі, які быў вясёлы і дасьціпны Пуцін, як Буш казытаў за плечы Мэркель і г.д. Галоўнай тэмай нечакана зрабілася вайна на Блізкім Усходзе (так дарэчы падгаданая Крамлём, які загрузіў быў зброяй людзей у чорных чалмах). Называюцца нейкія тэмы, што абмяркоўваліся ў Піцеры, нейкія пастановы, тэксты якіх так і не апублікаваны дагэтуль. Усё было ярка, урачыста і нават весела. Таму, хто не развучыўся думаць, стала зразумела, што кожны з удзельнікаў дбае пра свае нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы. Асобная роля ў Расеі, для якой галоўнае — гэта надзьмуцца як мага больш манумэнтальна і падкрэсьліць сваё значэньне. Не паведамляецца, ці абмяркоўвалі на саміце беларускае пытаньне. А ў цэлым, складваецца ўражаньне пра вялікую пустату, якая зрабілася на месцы нейкіх спадзяваньняў. А можа ўсё лягічна. Можа ніхто з сапраўды магутных краінаў і не ўспрымаў піцерскую сустрэчу як нешта сур'ёзнае і абавязкавае. Прыехалі, засьвяціліся, паўсьміхаліся, а самы ўжо даўно ўсё вырашылі ў рамках сваёй “сямёркі” без удзелу крамлёўскага паўліна.

18 ліпеня грузінскі парлямант прыняў пастанову, у якой рэкамэндаваў кіраўніцтву краіны вывесьці з тэрыторыі Грузіі расейскіх акупантаў (“міротворцев”). Сур'ёзны знак для Масквы. Затупалі нагамі лубянскія дыпляматы з фізіяноміямі грамілаў. Псэўдапрэзыдэнт Паўднёвай Асэціі (акупаваная маскоўцамі) выказваўся па расейскім тэлебачаньні даволі кур'ёзна: “Гэты акт сьведчыць пра дылетантызм грузінскага парляманту... Расейскія міратворцы тут былі, ёсьць і будуць.” Вось гэта ўжо праўда — ніхто ня можа параўнацца з прафэсіяналізмам прадажных юдаў іскарыётаў, якіх напладзіла Масква на Каўказе, ва Украіне і на Беларусі дзеля справы аднаўленьня лубянскай імпэрыі. Але справа гэтых здраднікаў-профі марная і правальная. Ім наканавана параза і ганебны канец.

А ў Расеі працягваецца кампанія абрабаваньня рабочых людзей. Мабыць у піцерскі саміт начальства ўбухала столькі грошай, што рублёў не хапіла, каб заплаціць заробак рабочым экскаватарнага завода ў Варонежы. Экскаватаршчыкі прашэньняў на саміт пасылаць ня сталі, а распачалі акупацыйны страйк на тэрыторыі прадпрыемства. Калі адміністрацыя ўсяроўна адмовілася выплаціць грошы, рабочыя абвясьцілі галадоўку пратэсту. У дадатак яны захапілі дырэктара завода і прымусілі яго сядзець разам зь імі на галодным пайку: “каб да яго дайшло хутчэй...”

Маштабны праект Лубянкі па гэбізацыі ўсяго праваслаўнага сьвету пачаў даваць першыя шчыліны. Адзін з біскупаў РПЦ у Англіі заявіў, што ён і ягоная епархія пераходзяць з маскоўскага ў канстанцінопальскі патрыярхат. Біскуп Васіль Осбарн — адзін з тых замежных герархаў, якіх зусім нядаўна перавялі ў маскоўскае падпарадкаваньне ў сувязі з посьпехам лубянскай канторы па “воссоедіненію русской церкві”. Посьпех аказаўся нетрывалым. Ангельскія клірыкі і паства зірнулі ў твары маскоўскіх барадачоў, паслухалі іхныя крамлёўскія казаньні і пасьпяшаліся хутчэй пазбавіцца ад гэтай хваткай публікі. Эх, як замітусіліся, як зашумелі “анафема!” псэўдабіскупы ў партупэях. У Маскве тэрмінова сабраўся іхны сінод, падключылася тэлебачаньне, у Лёндан паляцела спэцкамісія. А пачыналася ўсё так “благостно”, так “велічаво”... Але сапраўдных вернікаў не падманеш фальшывасьцю.

Два лявацкіх дэмагогі, — кубінскі дыктатар Кастра і вэнэсуэльскі прэзыдэнт Чавэс, — сустрэліся ў Аргентыне. Там яны сярод іншага сумесна наведалі ў малым мястэчку адзін сэнтымэнтальны аб'ект — дом, дзе гадаваўся і рыхтаваўся да бальшавіцкай рэвалюцы Чэ Гевара (паплечнік Кастра, якога ў 1967 г. забілі ў Балівіі пры спробе камуністычнага перавароту). У хуткім часе згаданы Чавэс зьбіраецца прыехаць на Беларусь да яшчэ аднаго “палымянага рэвалюцыянэра” з-пад крамлёўскай зоркі. Прапануем у якасьці сэнтымэнтальнага пункта культурнай праграмы візыту наведваньне дому на радзіме каго-небудзь з Лукашэнкавых чэгевараў. Выбіраць ёсьць з каго: тут і пэрманэнтны гранатамётчык Кучынскі, і палымяны заўхоз Ваня Ціцянкоў, і Талейран нашых часоў Краўчанка...

Але цывілізаванаму сьвету не да сьмеху. 24 ліпеня гэты Чавэс прыбыў у Менск. Непасрэдна ў аэрапорце ён выступіў з вогненнай прамовай супраць каляніялістаў. Сказаў, што тут ён “сярод сяброў і братоў”. Успомнім, аднак, колькі ўжо гэтых непакліканых “братоў” шклоўскага начальства сядзіць у турмах, некаторыя нават скончылі там свае дні, як Мілошавіч. У каторы раз маскоўскія паханы ганьбяць наш народ і імя нашай краіны, выстаўляючы нас сябрамі экзатычных прайдзісьветаў і дэмагогаў, небясьпечных для чалавецтва. Заходнія СМІ паведамляюць у той жа час пра тое, што Вэнэсуэла Чавэса атрымала вялікую партыю сучаснай зброі з Масквы. Можна меркаваць, што менавіта пакупка расейскай зброі праз “беларускі калідор” зьяўляецца галоўнай мэтай візыту Чавэса ў Менск.

Палае агонь вайны ў Ліване і на палестынскіх тэрыторыях. З першых дзён канфлікту цывілізаваныя (і нават менш цывілізаваныя) урады пачалі рабіць тэрміновыя захады, каб эвакуіраваць з зоны небясьпекі сваіх грамадзянаў. На Блізкі Усход паляцелі самалёты і паплылі караблі розных краінаў; чыноўнікі, дыпляматы і розныя службы пачалі ратаваць сваіх людзей. У гэтыя дні шклоўскі рэжым у чарговы раз прадэманстраваў сваю сапраўдную сутнасьць. Праз два тыдні пасьля пачатку вайны па БТ ўрэшце згадалі пра беларускіх грамадзянаў у Ліване. Нагадаем, што з першых дзён вайны на Блізкі Усход выехалі таксама дзесяткі журналістаў з розных краінаў. Яны паведамляюць ня толькі пра ход ваенных дзеяньняў, але паўсюль разшукваюць і даюць інфармацыю пра сваіх суграмадзянаў, вельмі часта дапамагаючы злучыцца семьям, знайсьці згубленых дзяцей, падштурхваюць свае ўрады да больш апэратыўных дзеяньняў па гуманітарнай дапамозе. Славутае сваёй брахлівасьцю і нянавісьцю да ўсяго беларускага БТ даехала ў гэтыя дні не далей за аэрапорт “Менск-2”. Чарговая тэлебалаболка адбарабаніла нам, што “отсюда улетит и сюда прилетит самолёт МЧС РБ, который привезёт из Дамаска белорусских граждан...” Граждане прыляцелі і пачалі расказваць пра свае прыгоды. На працягу дзесяці дзён вайны яны безвынікова тэлефанавалі з рзбомбленых гарадоў і паселішчаў у амбасаду РБ у Дамаску. Там іх слухаць не хацелі, так жа сама, як і ў амбасадзе Расеі (куды беларусы зьвярталіся таксама, бо “союзное государство” і “своі ведь, русскіе...”). “Своі” пачалі чухацца толькі пасьля таго, як на адчайныя крыкі нашых людзей адгукнулася амбасада Украіны ў Дамаску (шчыры дзякуй украінцам!) і запрапанавала свае самалёты для беларускіх уцекачоў. За шалёныя грошы, пад абстрэлам беларусы дабіраліся, як маглі, да сірыйскай сталіцы. Яны дагэтуль ня могуць паверыць, што вырваліся з той крывавай кугі. Затое яны цяпер ведаюць (трэба спадзявацца), што шклоўскі рэжым і ягоныя маскоўскія гаспадары — гэта антыбеларуская антынародная ўлада.

Маскву ўвесь час ратавала сакрэтнасьць. У чэрвені 1941 г. у Беларусі і Украіне саветы падвялі пад самую мяжу акупаванай гітлерцамі Польшчы цэлыя арміі, мільёны ўзброеных людзей сядзелі ў намётах у некалькіх сотнях мэтраў ад нямецкіх фарпостаў, чакаючы сігналу на атаку да самага Ля-Манша. У той самы час савецкія СМІ надрываліся пра “мірную жізнь советского народа”, пра “вечную дружбу с Германіей” і недапушчальнасьць правакацыяў. Немцы ўдарылі на колькі дзён раней і вядома, чым скончылася “лінія Сталіна” па ўсім фронце. Аднак сакрэтнасьць дагэтуль дапамагае Крамлю схаваць сапраўдныя пляны 1941 г. і выстаўляць правалены праект сталінскага “вызваленьня Эўропы” як “вероломное нападеніе на мірный СССР”.

Крамлёўскія кліенты, што наладжваюць зьнішчэньне нашай Беларусі ўжо каторы год, забыліся пра гэтае крамлёўскае правіла. Мясцовая гэбельсаўская прапаганда дундзела пра “белорусскую ракету” некалькі гадоў. Яна не забывалася нагадаць, што “ракета послужіт делу обороноспособності Россіі і союзного государства”. Беларускі народ у чарговы раз аплочваў шалёныя кошты абароны Масквы і ворагаў Беларусі, якія заселі ў Крамлі. Перад самым байканурскім стартам гэбельсаўшчына на БТ забілася ў экстазе: “... сам презідент будет прісутствовать там, РБ становітся членом косміческого клуба высокоразвітых держав...”

А, аказваецца, трэба было маўчаць “у трапачку”, як у 1941 годзе. Глядзіш, ніхто й не даведаўся б пра канфуз. Праз паўтары хвіліны пасьля запуска шклоўскай ракеты фанфары зарыпелі, літаўры віскнулі і аркестар пачаў разьбягацца “от гнева государева”. З неба пасыпаліся кавалкі мэталу, касьмічны клюб скончыўся для шклоўскага рэжыму ганебным пшыкам. Няма чаму зьдзіўляцца: “національная бібліотека” у Менску (у народзе “чупа-чупс”) правальваецца ў балота, палохаюць людзей бязглуздыя пацёмкінскія “агрогородкі”, адкуль разьбягаюцца сяляне, усе сьмяюцца з пацешнай “лініі Сталіна”, якой рэжымныя шызікі зьбіраюцца застрашыць НАТО... Ну, за што ні возьмецца прамаскоўская каманда дзяржаўных гвалтаўнікоў, усё падае сярод іскраў і дыму, правальваецца скрозь зямлю, раскурочваецца пры першым моцным дажджы...

Колькі яшчэ шкоды павінна нанесьці нашай краіне, нашай гаспадарцы гэтая шалёная прамаскоўская хунта, каб народ урэшце зразумеў, што так жыць нельга? Колькі яшчэ неадукаваныя, недалёкія розумам бонзы будуць па камандзе з Крамля арганізоўваць нам пэрманэнтную катастрофу?

У чарговы раз імпэрыя актывізавала агрэсію супраць невялікай суседняй дзяржавы. У 20-х чыслах ліпеня маскоўская агентура (пададзеная расейскай прапагандай як “сванскіе повстанцы”) захапіла Кадорскі горны раён сувярэннай Грузіі і абвясьціла, што не падпарадкваецца тбіліскаму ўраду. Згаданы ўрад, аднак, не напалохаўся правакатараў, а паслаў у гэты раён вайскова-паліцэйскі кантынгент. На працягу двух-трох дзён грузінскія сілы разагналі прамаскоўскіх бандытаў і аднавілі парадак на сваёй дзяржаўнай тэрыторыі. Падобна, што ў Крамлі не чакалі такога мізэрнага і хуткага канца сваёй правакацыі, таму пачалі крычаць на ўвесь сьвет, што “Грузія пагражае Расеі...” Узбудзілася кліентура Масквы ў суседняй акупаванай маскоўцамі Абхазіі — таксама тэрыторыі сувярэннай Грузіі. “Прэзыдэнт” і “генэралы” сухумскай псэўдадзяржаўкі зьвярнуліся да міжнароднай супольнасьці з заклікам “спыніць краіну-агрэсара — Грузію, якая пагражае тэрытарыяльнай цэласнасьці незалежнай Абхазіі...” Большасьць палітычных назіральнікаў пасьмяялася з гэтага кур'ёзнага вэрхалу. Але знайшліся і замежныя “спэцы”, гатовыя прыслужыць акупантам грузінскай тэрыторыі. Маюцца на ўвазе генэралы-палкоўнікі ў блакітных касках ААН, якія ўдзельнічаюць у назіраньні за працэсамі ў нестабільнай Грузіі. Яны заківалі галовамі каля стала перамоваў у зоне канфлікту і загаварылі пра “неабходнасьць выконваць маскоўскія пагадненьні па Грузіі”. Маюцца на ўвазе “пагадненьні”, якія вымушаны быў падпісаць Шэварнадзэ ў 1992 г. дзеля таго, каб з маскоўскай дапамогай вярнуцца на тбіліскі пасад. Ён быў вярнуўся, але рэвалюцыя ружаў скінула рэжым Шэварнадзэ. Можа Грузіі яшчэ трэба выконваць згаданыя Лермантавым пагадненьні 1801 года? — “Такой-то царь, в такой-то год отдал России свой народ/ За гранью дружеских штыков...” Няхай бы ў краіне, адкуль прыехалі гэтыя “аанаўцы”, агентура суседняй дзяржавы наладзіла б “незалежнасьць” у рамках нейкай правінцыі. Мы б на іх паглядзелі. Але грузіны не баяцца падкупленых палкоўнікаў і пацешных генэралаў з “прэзыдэнтам”. Народ у любой сітуацыі абароніць сваю радзіму.

29 ліпеня у Менску сабралася стракатая грантаўская публіка пад назовам “політсовет об'едінённых демократіческіх сіл Белоруссіі”. Рэй вёў адзіны дэмакрат тов. Мілінкевіч. Ён заявіў, што цяпер для гэтых “сіл” галоўным заданьнем ёсьць падрыхтоўка да ўдзелу ў маючых адбыцца мясцовых выбарах. Цытуем радыё Свабода. Мілінкевіч сказаў, што “выйграць выбары ўсё роўна немагчыма, а можна толькі прыйсьці да людзей. Таму гэта прапагандысцкая, агітацыйная кампанія...” (А без выбараў яны ня могуць рабіць сваю прапаганду і агітацыю?). Гэтая публіка і яе правадыр зноў зьбіраюцца заклікаць беларусаў на рэжымны спектакль пад назовам “выбары”. Яны прызнаюцца, што выйграць немагчыма (і яны разумеюць, што гэта ня выбары). Але ўсё роўна заклікаюць, арганізоўваюць грамадзтва на актыўны ўдзел у дыктатарскім праекце (яны забясьпечваюць “перамогу” рэжыму). Ужо ў каторы раз гэтыя падстаўныя псэўдаапазыцыянэры спрабуюць разам з антыбеларускім рэжымам надурыць наш народ. Вядомы “оппозіціонер” Лебедько заявіў на сходзе: “Мы ўжо згубілі час, мы згубілі дынаміку з гэтым мерапрыемствам...” І чаго гэта ён сьпяшаецца, колькі нецярплівасьці ў гэтым голасе! Але першым гукнуў на гэтую тэму дасьведчаны “оппозіціонер” В. Івашкевіч. Ён зьвярнуўся да замежнікаў з інфармацыяй, што мясцовыя “выбары” рэжым можа вырашыць правесьці не ў наступным студзені, а значна раней, ужо ўвосень. Маўляў, рабіце стаўкі, панове, прысылайце апэльсіны бочкамі, лёд крануўся... “Оппозіціонеры” прысьпешваюць грантадаўцаў. Ім трэба “ісьці ў народ”, каб падтрымаць чарговае шклоўскае шоў. Колькі яшчэ беларусы будуць слухаць гэтых жулікаватых панікоўскіх і балаганавых? У адрозьненьні ад вясёлых літаратурных вобразаў з вядомага раману Ільфа-Пятрова, мясцовыя апазіц-балбатуны нажылі ўжо не адзін мільён на арганізваных Масквой і Брусэлем (са згоды КГБ РБ, як прызнаў сам Ганс Вік) псэўдавыбарах і псэўдабарацьбе “за демократію і лучшую жізнь”. Ім яшчэ прыйдзецца адказваць перад судом у вызваленай Беларусі за сваю дзейнасьць.

У Маскве таксама вядзецца актыўная падрыхтоўка да псэўдавыбараў. Карыстаючыся багатым досьведам грантаўскай псэўдаапазыцыі РБ, прысьцёбнутай да шклоўскага рэжыму, крамлёўцы пачалі шыхтаваць свае падстаўныя калёны. 25 ліпеня адбыўся аб'ядноўчы зьезд дзьвюх “апазыцыйных” партыяў. Аб'ядналіся “партія Жізнь” А. Бабакова і “партія Родіна” С. Міронава. Першага мы нешта не памятаем. А вось другі “оппозіціонер” (дарэчы спікер Савета фэдэрацыі РФ) запоўніўся ўсім на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах. Будучы кандыдатам на прэзыдэнта, гэты Міронаў шумеў на мітынгах і сустрэчах з выбарцамі: “Товарішчі, голосуйте за Путіна! Он лучшій презідент!” Тады сьмяяліся нават вернападданыя крамлёўскія камэнтатары. 29 ліпеня “магутная плынь” узбагацілася яшчэ адным утварэньнем. Шэраг вядомых чарнасоценных груповак (саюз вэтэранаў Аўганістана і іншыя шавіністы ўсіх масьцяў) аб'ядналіся ў “Патріотіческіе сілы за родіну”. Галоўнай партыйнай мэтай абвешчана “барацьба супраць бюракратыі”. Якое ўсё знаёмае! У Крамлі засталося толькі разгарнуць антыбюракратычную тусоўку пад лёзунгам “Одно окно”, і будзе дасягнута чысьціня клясічнага шклоўскага стылю. Шкада толькі, што пасьля нядаўняга краху шклоўскай ракеты сам галоўны ракетчык некуды зьнік, не паказваецца на экранах БТ і не радуецца посьпехам маскоўскіх таварышаў. Можа зноў “бояре-изверги царя украли?”

30 ліпеня расейскія СМІ паведамілі, што “шэраг апазіцыйных арганізацыяў зьвярнуліся да Пуціна з заклікам адмяніць сувэрэнітэт Рэспублікі Башкортастан і зрабіць замест гэтага вобласьць або край”. Што ж, тэндэнцыя знаёмая: ліквідацыя нават фармальных нацыянальна-дзяржаўных аўтаноміяў у імпэрыі і цэнтралізацыя лубянскага рэйха. А што ж гэта за “апазіцыйныя арганізацыі”? Там лідыруюць такія “башкірскія” партыі, як мясцовае аддзяленьне “Яблока” і КПРФ. Мясцовыя мадам абрамавы і товарішчі чікіны-калякіны верна прыслугоўваюць імпэрскаму зьнішчальніку башкірскага народа. Зноў жа, якое ўсё знаёмае!

Янка Базыль