СЛАВА ВОЛЬНАЙ АМЭРЫЦЫ!

Народ Злучаных Штатаў Амэрыкі адзначыў 4 ліпеня 230-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці сваёй краіны. У гэты дзень у 1776 годзе ў Філядэльфіі прадстаўнікамі шэрагу штатаў была прынята “Дэклярацыя незалежнасьці Амэрыкі”. Амэрыканская нацыя заявіла на ўвесь сьвет аб выбары свайго самастойнага шляху нацыянальна-дзяржаўнага разьвіцьця і скасаваньні залежных адносінаў з Вялікай Брытаніяй. Ужо на працягу году ішла вайна амэрыканскіх паўстанцаў супраць рэгулярных войскаў брытанскай кароны. Вайна працягвалася восем гадоў, да канчатковай перамогі народу ў 1783 г. Найбольш цяжкім быў першы пэрыяд змаганьня. Палкі паўстанцаў не маглі эфэктыўна супрацьстаяць у рэгулярных баях прафэсійнай брытанскай арміі. Не хапала зброі, амуніцыі, вайсковай вывучкі і досьведу сучаснай вайны. Адступаючыя паўстанцы пакідалі на сьнезе крывавы сьлед, таму што мелі на сабе парваны абутак. Шмат жаўнераў загінула ад хваробаў. Аднак шэраг паразаў не зламаў патрыётаў. Лідэр нацыі Джордж Вашынгтон здолеў стабілізаваць абарону маладой рэспублікі, забесьпячэньне арміі, запрасіў з Эўропы маладых афіцэраў. Адным з дабраахвотнікаў быў вялікі беларус Тадэвуш Касьцюшка. Таленавіты вайсковы інжынэр запраектаваў і пабудаваў для паўстанцаў вялікія ўмацаваньні, аб якія разьбіліся ўдары брытанскіх імпэрыялістаў. Рэспубліка атрымала час, неабходны дзеля фармаваньня прафэсійнай арміі і арганізацыі народнай салідарнасьці ў вызвольным змаганьні. Геній Касьцюшкі спрычыніўся да бліскучых перамогаў амэрыканцаў пад Саратогай і Ёрктаўнам на заключным этапе рэвалюцыйнай вайны. Цяпер, праз стагоддзі мы бачым, як народ і кіраўніцтва Злучаных Штатаў пасьлядоўна падтрымліваюць беларускі народ у ягоным змаганьні за незалежнасьць Дзяржавы.

Валеры Буйвал