РАСЕЙСКІЯ ПРАВАКАЦЫІ НА КАЎКАЗЕ
У чарговы раз імпэрыя актывізавала агрэсію супраць невялікай суседняй дзяржавы. У 20-х чыслах ліпеня маскоўская агентура (пададзеная расейскай прапагандай як “сванскіе повстанцы”) захапіла Кадорскі горны раён сувэрэннай Грузіі і абвясьціла, што не падпарадкоўваецца тбіліскаму ўраду. Згаданы ўрад, аднак, не напалохаўся правакатараў, а паслаў у гэты раён вайскова-паліцэйскі кантынгент. На працягу двух-трох дзён грузінскія сілы разагналі прамаскоўскіх бандытаў і аднавілі парадак на сваёй дзяржаўнай тэрыторыі. Падобна, што ў Крамлі не чакалі такога мізэрнага і хуткага канца сваёй правакацыі, таму пачалі крычаць на ўвесь сьвет, што “Грузія пагражае Расеі...” Узбудзілася кліентура Масквы ў суседняй акупаванай маскоўцамі Абхазіі — таксама тэрыторыі сувэрэннай Грузіі. “Прэзыдэнт” і “генэралы” сухумскай марыянэткавай дзяржаўкі зьвярнуліся да міжнароднай супольнасьці з заклікам “спыніць краіну-агрэсара — Грузію, якая пагражае тэрытарыяльнай цэласнасьці незалежнай Абхазіі...” Большасьць палітычных назіральнікаў пасьмяялася з гэтага кур'ёзнага вэрхалу. Але знайшліся і замежныя “спэцы”, гатовыя прыслужыць акупантам грузінскай тэрыторыі. Маюцца на ўвазе генэралы-палкоўнікі ў блакітных касках ААН, якія ўдзельнічаюць у назіраньні за працэсамі ў нестабільнай Грузіі. Яны заківалі галовамі каля стала перамоваў у зоне канфлікту і загаварылі пра “неабходнасьць выконваць маскоўскія пагадненьні па Грузіі”. Маюцца на ўвазе “пагадненьні”, якія вымушаны быў падпісаць Шэварнадзэ ў 1992 г. дзеля таго, каб з маскоўскай дапамогай вярнуцца на тбіліскі пасад. Ён быў вярнуўся, але рэвалюцыя ружаў скінула рэжым Шэварнадзэ. Можа Грузіі яшчэ трэба выконваць згаданыя Лермантавым пагадненьні 1801 года? — “Такой-то царь, в такой-то год отдал России свой народ/ За гранью дружеских штыков...” і г.д. Няхай бы ў краіне, адкуль прыехалі гэтыя “аанаўцы”, агентура суседняй дзяржавы наладзіла б “незалежнасьць” у рамках нейкай правінцыі. Мы б на іх паглядзелі.
Валеры Буйвал