АФРЫКАНСКІЯ ПАРАЛЕЛІ

31 ліпеня 2006 г. Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” піша пра парляманцкія выбары ў Конга (былым Заіры). Прэзыдэнт краіны Кабіла сказаў, што “гэта ёсьць важнейшы дзень гісторыі нашай краіны”. 25 мільёнаў выбарцаў стаяць у доўгіх чэргах на выбарчых участках, каб прагаласаваць. Многія з энтузіязмам і надзеяй ідуць на гэтыя першыя дэмакратычныя выбары з 1960 г., калі краіна вызвалілася ад каляніяльнай залежнасьці і стала сувэрэннай дзяржавай.

Наш камэнтар: Народ Конга на працягу пяці стагодзяў змагаўся за волю супраць партугальскіх, а потым бэльгійскіх калянізатараў. Барацьба завяршылася перамогай і абвяшчэньнем незалежнасьці ў 1960 г. Перад багацейшай краінай (у нетрах якой ёсьць практычна ўся табліца Мендзялеева) адкрываліся найлепшыя пэрпэктывы цывілізаванага разьвіцьця. Але каляніялісты, пагадзіўшыся на фармальную незалежнасьць Конга, вырашылі і надалей працягнуць бязьлітасную эксплуатацыю чалавечых і прыродных рэсурсаў краіны. З іхнай дапамогай быў разгромлены першы легітымны ўрад Конга, а ўся эўрапейская дапамога была накіраваная на каляніялісцкага агента Чомбэ (гэткага афрыканскага дзеяча-грантасмока), які гуртом і ў розьніцу прадаваў чужынцам радзіму. Потым на працягу дзесяцігоддзяў краіну гвалціў падстаўны дыктатар Мабуту. Ён называў сябе “вялікім патрыётам і нацыяналістам”, а на практыцы зьнішчаў і прыніжаў уласны народ, разам з каляніялістамі рабаваў багацьці краіны. Псэўдапатрыятычная дыктатура ўрэшце згніла і рассыпалася. Але яна трымалася надта доўга, краіна ня здолела адразу ўстаць на шлях нармальнага разьвіцьця. Пачалася вайна паміж рознымі групоўкамі. І толькі цяпер, праз гады зьявілася першае спадзяваньне на мір і згоду.

Нашыя мясцовыя псэўдабеларускія чомбэ і мабуты (кожны зь іх па-свойму называе сабе “патрыётам і дзяржаўнікам”) на працягу пятнаццаці гадоў пасьля аднаўленьня незалежнасьці Беларусі зьнішчаюць наш народ і дзяржаву. Вядома, кім ёсьць іхныя бэрлінскія і маскоўскія гаспадары. Беларускі народ, сапраўдныя патрыёты павінны хутчэй вызваліць краіну ад гэтай пачвары, каб не паўтарыць трагічны шлях чорнай Афрыкі.

Юрка Марозаў