“СВАЕ ЛЮДЗІ, СВАЯ ПРЫРОДА”
Нарэшце адбылася сустрэча, пра якую я марыў яшчэ ў Менску. Споўнілася сем гадоў, як вярнуўся ў Івянец на малую сваю радзіму 100-гадовы Алесь Апанасавіч Шэкаль. 54 гады пражыў карэнны івянцовец у Вялікай Брытаніі. На жаль, векавы юбілей дзядзьку Алесю давялося сустракаць у шпіталі — сэрца, што перацярпела процьму нягодаў, усё-ткі не жалезнае. Затое памяць не падводзіць. Суразмоўца мой выказвае і уласны погляд на пачатак другой усясьветнай. 17 ж верасьня 1939-га сяржант Войска Польскага беларус Шэкаль сустрэў на баявым посьце на мяжы з СССР.
(Шэкаль:) “Забралі Беларусь без вайны расеец з Гітлерам гэтым...”
Энкавэдысты, у лапы якіх патрапіў сп. Шэкаль, пагналі яго па этапах у Сібір. Але Алесю Апанасавічу пашанцавала — ішло фармаваньне польскіх частак для войска генэрала Андэрса.
(Шэкаль:) “4 лютага 1942-га году мяне вызвалілі. Былі мы ля Ўладзівастоку, бухта Находка. У войска ўзялі ў Казахстане. Прыехалі ў Лугавую 18-га. Чэрчыль даў 3 мільёны ботаў, Амэрыка шмат цянжаровых самаходаў. І прыехалі ў Іран, порт Пахлеві. Там абмундзіравалі ў ангельскае адзеньне. Тады — у Багдад і ў Палестыну. Палякі хацелі ваяваць разам з расейцамі, але амэрыканскі генэрал Айзэнгоф сказаў: не рызыкуйце, бо вас арыштуюць. І так было б! Потым паехалі ў Эгіпэт і ў Італію. Адкрылі там фронт у гарах, у сьнезе — ой-ёй, голад! Страшная вайна — вочы выпорвалі, вушы абрэзвалі гестапаўцы...”
Алесь Апанасавіч за ўзяцьцё марской і, як лічылася, недаступнай крэпасьці Монтэ-Касына быў узнагароджаны ангельскім Ганаровым крыжом.
(Шэкаль:) “Там гарматы на высокай, стромкай гары — лезьці да іх трэба, як альпініст. Амэрыкане, індыяне, новазэландыйцы не сягнулі. А генэрал Андэрс кажа: дазвольце, я паспрабую са сваім войскам. Ніхто ня ўзяў, а 5-я дывізія, дзе найбольш беларусаў, узяла!”
Вяртацца ў Беларусь пасьля вайны дзядзька Алесь не сьпяшаўся. Хутка даляцела вестка, што тых, хто адважыўся на такое, ізноў пагналі на Салаўкі. На доўгія паўвека заснаваўся беларус у ангельскім горадзе Лютане, дзе працаваў на мэталюргічнай вытворчасьці.
(Шэкаль:) “Я меў дом, самаход у Англіі...”
(Карэспандэнт:) “А чаму дома лепей, Аляксандар Апанасавіч?”
(Шэкаль:) “Свае людзі, свая прырода. Воўк, калі тут урадзіўся, нічога не кране ў цябе — ідзе за 7 км. І ён разумее! Таксама ж і людзі. Некаторыя беларусы-бедакі плакалі, пад самаход, пад цягнік кідаліся...”
У шпіталі ў дзядзькі Алеся асобны пакой — у Івянцы пра яго ўсе ведаюць. Зрэшты, як і пра тое, што пэнсія яму ў фунтах стэрлінгаў налічваецца. Да цяперашняга свайго пабытаваньня пасьля перажытага гэты чалавек ставіцца па-філязофску.
(Шэкаль:) “Канечне, мала зарабляюць, горай жывуць тут, як на Захадзе. Але на такое малое панства шмат прадукуюць, і самаходы ценжаровыя такія! Я ніколі не спадзяваўся, што такая Беларусь будзе...”
Віталь Сямашка (радыё “Свабода”)