АДНАБОКІ ПОГЛЯД

23 ліпеня 2006 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” дае інтэрв'ю зь Беларусі. На пытаньні адказвае А. Борыс, старшыня “Зьвёнзку” палякаў Беларусі. Расказвае, як яе ў каторы раз выклікалі ў міліцыю РБ, як улады бяруць пад кантроль “дамы палякаў” у розных гарадах Беларусі. Журналіст спытаўся ў яе: “Чаго сапраўды хочуць ад вас беларускія ўлады?” На гэта старшыня “Зьвёнзку” адказала: “Яны зьбянтэжаныя тым, што мы існуём, а гэта магчыма дзякуючы падтрымцы польскага ўраду і вельмі многіх тутэйшых палякаў. Яны хочуць зьнішчыць нас псіхічна. Каб мы змоўклі і перасталі што-небудзь рабіць”.

Наш камэнтар: Усё так, усё праўда. Але чаму ж спадарыня не згадала, што “беларускія ўлады” (як яна называе антыбеларускі прамаскоўскі рэжым) зьнішчаюць усё беларускае, разбураюць беларускую Дзяржаву — агульны дом беларускага народу і ўсіх нацыянальных меншасьцяў нашай краіны? Можа яна пра гэта ня ведае? Яшчэ раз польскаму грамадзтву даносіцца дыстортная карціна падзеяў на Беларусі. Нібыта “беларускія ўлады” толькі псіхічна замінаюць культурніцкай дзейнасьці “Зьвёнзку” і толькі гэтае пытаньне павінна хваляваць палякаў за Бугам. Працягваецца ўпартае разьвіцьцё прыдуманага ў Маскве “польскага пытаньня ў Беларусі”, за якім імпэрцы спрабуюць схаваць сапраўдную трагедыю ўсяго беларускага грамадзтва і сапраўдную небясьпеку для самой Польшчы, якая можа зноўку апынуцца па суседству з агрэсіўнай маскоўскай імпэрыяй. Варшаўская аналітыка працягвае лавіцца на яркую бляшаную прынаду, зьляпаную на Лубянцы.

Юрка Марозаў