ШКЛОЎСКІ РЭЖЫМ ПАКІНУЎ БЕЛАРУСАЎ У БЯДЗЕ

Палае агонь вайны ў Ліване і на палестынскіх тэрыторыях. З першых дзён канфлікту цывілізаваныя (і нават менш цывілізаваныя) урады пачалі рабіць тэрміновыя захады, каб эвакуаваць з зоны небясьпекі сваіх грамадзянаў. На Блізкі Усход паляцелі самалёты і паплылі караблі розных краінаў; чыноўнікі, дыпляматы і розныя службы пачалі ратаваць сваіх людзей. У гэтыя дні шклоўскі рэжым у чарговы раз прадэманстраваў сваю сапраўдную сутнасьць. Праз два тыдні пасьля пачатку вайны па БТ ўрэшце згадалі пра беларускіх грамадзянаў у Ліване. Нагадаем, што з першых дзён вайны на Блізкі Усход выехалі таксама дзесяткі журналістаў з розных краінаў. Яны паведамляюць ня толькі пра ход ваенных дзеяньняў, але паўсюль разшукваюць і даюць інфармацыю пра сваіх суграмадзянаў, вельмі часта дапамагаючы злучыцца семьям, знайсьці згубленых дзяцей, падштурхваюць свае ўрады да больш апэратыўных дзеяньняў па гуманітарнай дапамозе. Славутае сваёй брахлівасьцю і нянавісьцю да ўсяго беларускага БТ даехала ў гэтыя дні не далей за аэрапорт “Менск-2”. Чарговая тэлебалаболка адбарабаніла нам, што “отсюда улетит и сюда прилетит самолёт МЧС РБ, который привезёт из Дамаска белорусских граждан...” “Граждане” прыляцелі і пачалі расказваць пра свае прыгоды. На працягу дзесяці дзён вайны яны безвынікова тэлефанавалі з рзбомбленых гарадоў і паселішчаў у амбасаду РБ у Дамаску. Там іх слухаць не хацелі, так жа сама, як і ў амбасадзе Расеі (куды беларусы зьвярталіся таксама, бо “союзное государство” і “своі ведь, русскіе...”). “Своі” пачалі чухацца толькі пасьля таго, як на адчайныя крыкі нашых людзей адгукнулася амбасада Украіны ў Дамаску (шчыры дзякуй украінцам!) і запрапанавала свае самалёты для беларускіх уцекачоў. За шалёныя грошы, пад абстрэлам беларусы дабіраліся, як маглі, да сірыйскай сталіцы. Яны дагэтуль ня могуць паверыць, што вырваліся з той крывавай кугі. Затое яны цяпер дакладна ведаюць (трэба спадзявацца), што шклоўскі рэжым і ягоныя маскоўскія гаспадары — гэта антыбеларуская антынародная ўлада.

Янка Базыль