НЕБЯСЬПЕКА

21 ліпеня 2006 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” піша пра экалягічную вайну на нарвэжска-расейскай мяжы на Кольскай паўвысьпе. Да 1991 г. нарвэжскія ўлады марна зьвярталіся да савецкага начальства з заклікамі да спыненьня варварскага разбурэньня прыроды ў выніку працы хімічных прадпрыемстваў гарадоў Нікеля, Запалярнага і Манчагорска. Атрутныя рэчывы вынішчалі ўсё жывое далёка ў глыбіні нарвэжскай тэрыторыі. Пасьля развалу саўдэпіі ў 1991 г. нарвэжцы спадзяваліся, што прыватызацыя спыніць гэтыя кашмарныя працэсы. Ельцын аддаў кольскія камбінаты-душагубкі алігарху Патаніну (9-ты ў сьпісе найбагацейшых людзей РФ, дарос да віцэ-прэмьера ўраду РФ пры Ельцыне). Але хімічная атака супраць мірнай суседняй краіны ўсяроўна працягвалася. Нарвэжцы вымушаны былі ўзяць на сабе ўсе выдаткі на мадэрнізацыю расейскіх прадпрыемстваў і экалёгію. Вынік той жа самы (патанінцы чужыя грошы раскрадаюць). Язва працягвае існаваць каля нарвэжскай мяжы (і прыносіць звышпрыбыткі крамлёўскай мафіі).

Наш камэнтар: Хацелася згадаць пра тое, як расейцы дзесяцігоддзямі выпампоўвалі (кралі) нафту з радовішчаў на марскім дне, якое належыць Нарвэгіі, як пасылалі свае падлодкі шпіёніць за нарвэжскімі базамі НАТО (а тыя заблытваліся ў рыбацкія сеткі). Але скандынаўская тэма выклікае ў беларуса іншыя ўспаміны. У 70-я гады на сьцюдзёных вуліцах Мурманска, на глухіх чыгуначных станцыях і ў страшнага выгляду паселішчах мы, — маладыя беларускія жаўнеры, якіх савецкая бранка закінула за дзьве тысячы кілёмэтраў ад Радзімы, — даволі часта чулі знаёмае “дзэканьне” і “цэканьне”. Мы зьвярталіся да гэтых людзей, слухалі іхныя расповеды і ўспаміны. А іхная сага была на ўсіх адна: “У 50-я гады Хрушчоў гукнуў пра “освоеніе Севера”. Саветы абяцалі палярныя надбаўкі па заробках, раз на год бясплатны праезд туды і назад у любую кропку Саюзу (мы, канешне, езьдзілі на Беларусь). Шмат нашых заехала сюды з разбуранай Беларусі, дзе было так цяжка. А калі людзей наехала дастаткова, Крэмль адмяніў і большасьць надбавак, і бясплатны праезд...” У каторы раз сотні тысячаў беларусаў паверылі маскоўскай абяцанцы “светлого будушчего” і пасунуліся з роднай зямлі ў крамлёўскую пастку. Няшчасныя назаўсёды засталіся на чужых камянях і сумётах, на беразе сьвінцовага мора. Усё паўтараецца. Цяпер Масква заклікае нашых мужчынаў і жанчын у “сібірскі рай”, каб абслугоўваць томскія хаўрусныя дамоўленасьці, заключаныя пад грыфам “Масква-Бэрлін. Совершенно секретно”. Зноў паўтара мільёна беларускіх рабоў надрываецца ў маскоўскім Вавілоне. Акупанты разглядаюць гэта толькі як пачатак канчатковага (і нібыта зноў “дабраахвотнага”) панявольваньня беларускага народу, плянуюць назаўсёды раскідаць-раструшчыць нас па пустых і дзікіх прасторах сваёй імпэрыі. Беларусы, перш за ўсё маладыя, павінны абараніць сабе, сваю будучыню, сваю Дзяржаву ад гэтай навалы. Трэба любіць сваё. Трэба даражыць Беларусяй.

Валеры Буйвал