ЛЕКЦЫЯ З ГІСТОРЫІ КАМУНІЗМУ.
21 ліпеня 2006 г. Бэльгійская газэта “De Standaard” паведамляе, што ў турэмным шпіталі камбаджыйскай сталіцы памёр 80-гадовы Та Мок, адзін з галоўных арганізатараў генацыду ў шматпакутнай краіне ў 1970-я гады. У канцы 90-х гадоў забойцу ўрэшце арыштавалі і пасадзілі за краты.
Наш камэнтар:Саўдэпія актыўна падтрымлівала крывавы марксістоўскі рух чырвоных кхмэраў, якія ў 1960-70-я гады ваявалі ў джунглях супраць легітымнага ўраду Камбоджы. Пасьля захопу ўлады хунта Пал Пота — Енг Сары (Та Мок быў тады ў намесьніках) пачала масавае зьнішчэньне грамадзянаў краіны — да трох мільёнаў ахвяраў. Беларусы памятаюць, што на працягу першых гадоў чырвонай тыраніі ў Камбоджы ў СССР не падавалі практычна ніякой інфармацыі пра генацыд, які там адбываўся. Толькі пасьля таго, як чырвоныя кхмэры канчаткова выйшлі з-пад кантролю Масквы, падпарадкаваліся Кітаю (на той час суперніку Крамля ў “камуністычным будаўніцтве”) і пачалі вайну супраць В'етнама (сатэліта Масквы), ЦК КПСС даў адмашку на шырокую прапагандысцкую кампанію пра “бесчалавечны рэжым Пал Пота”. Масква яшчэ раз прадэманстравала правальнасьць сваёй палітыкі і крывадушнасьць сваёй імпэрскай маралі. Прамінула трыццаць гадоў... У самых густых джунглях ня здолелі схавацца ад пакараньня зьнішчальнікі сваёго народу. Лекцыя-напамін шмат для каго.
Валеры Буйвал