“ТРЭБА БЕЛАРУСАМ ЗРАЗУМЕЦЬ...”
14 ліпеня 2006 г. Румынская газэта “Adevărul” паведамляе пра абмеркаваньне ў Брусэлі пытаньня аб праблемах з Румыніяй, якую ў блізкім часе зьбіраюцца запрасіць у Эўразьвяз. Эўракамісары даклалі Эўракамісіі, што Румынія трымае лідэрства ў Эўропе па афёрах з грашамі, перададзенымі ёй Эўразьвязам, а таксама не прымае захадаў па рэфармаваньні псіхіятрычнай службы. Далей газэта паведамляе, што ў ахопленым вайной Ліване апынуліся ажно 2 тысячы румынскіх грамадзянаў.
Наш камэнтар: Беларускіх турыстаў пакуль яшчэ пускаюць ў Румынію (невядома, якія даведкі запатрабуць ад нашых грамадзянаў, калі Румынія ўступіць у Эўразьвяз). Нашы людзі бачаць у многіх месцах разьбітыя дарогі, шмат сьмецьця. Такія ўражаньні ў самых румынаў. Таму дзесяткі тысячаў іх выехалі на летні адпачынак за мяжу: у суседнюю Баўгарыю, у Грэцыю (80 тысячаў у чэрвені — !), у Заходнюю Эўропу, нават у Ліван. І вось такую краіну, якая толькі яшчэ чуняе пасьля зьвяржэньня прамаскоўскай дыктатуры Чаўшэску, якая мае яшчэ шэраг вялікіх праблемаў, Эўразьвяз зьбіраецца прыняць да сабе ўжо з 1 студзеня 2007 г. Грамадзяне гэтай краіны свабодна, без візаў едуць па ўсёй Эўропе, толькі паказваюць свае пашпарты на памежных пунктах. У той самы час Захад шумна тэарэтызуе пра ізаляцыю менскага рэжыму, а на самай справе ізалюе ад цывізаванага сьвету грамадзянаў Беларусі (намякаючы, што наша месца — на лесапавале і нафтавых радовішчах у Сібіры). Трэба беларусам зразумець, што мы павінны салідарна пазбавіцца ад маскоўскіх чаўшэскаў, мець свой беларускі нацыянальны ўрад, пазбавіцца ад маскоўскай агрэсіі, а потым дамагацца права жыць вольна ў вольнай Эўропе.
Валеры Буйвал