ПРЭС-РЭЛІЗ (ЧЭРВЕНЬ 2006 Г.)
Беларусы старэйшага пакаленьня памятаюць, як у нашых школках часоў нямецкай акупацыі ў клясах вісеў партрэт тав. Гітлера, як настаўніцтва вымушана было згадваць “дарагіх вызваліцеляў” і г.д. Падобныя ўспаміны будуць і ў сёньняшніх чачэнскіх школьнікаў. 1 чэрвеня пад “дзень абароны дзяцей” расейскае тэлебачаньне арганізавала чарговую каўказкую інфармацыйную цукерку. На сьцяне партрэт “вызваліцеля Чачэніі” тав. Пуціна, у зале дзеці ў адпрасаваных белых кашулях і форменных сукенках. Перад кампутарамі разыгрываўся нейкі рэклямны дзіцячы конкурс у стылі “Спасібо товарішчу Сталіну за наше счастлівое детство”. Расейскім акупантам мала зьнішчэньня і масавых забойстваў чачэнскага народу. Ім бы хацелася прадставіць працэс зьнішчэньня як шчасьлівае і бадзёрае шоў.
Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Чарнагорыі маскоўскіх марыянэтак апантала ліхаманка сувэрэнітэтаў. 6 чэрвеня ў Цхінвалі, “сталіцы” марынэткавай Паўднёвай Асэціі (акупаваная расейсцамі частка Грузіі) урачыста адкрываўся “год Абхазіі”. Да здрадніка Какойты прыехаў здраднік Багапш. На вуліцах наладзілі вайсковы парад (прайшлі тры ўзвады “нацарміі” з расейскімі і ўкраінскімі прозьвішчамі) і танцы з кветкамі. Маскоўскія СМІ падалі гэтую пацёмкінскую лухту як важную падзею дня. Каўказкая драма працягваецца.
А тав. Пуцін у той жа дзень прымаў у Маскве сусьветную арганізацыю журналістаў. Вядома, што журналісты разабраліся ў мясцовай сітуацыі і рэзка крытыкавалі крамлёўскі рэжым за падаўленьне дэмакратычных свабодаў і курс на таталітарызм. Ведаючы аб гэтым, лубянцы падрыхтавалі рэклямную акцыю. Раптам у крамлёўскай зале (куды мыш без дазволу не пралезе) падчас выступу Пуціна з-за крэслаў выскачыла кучка актывістаў-лімонаўцаў з Нацыянал-бальшавіцкай партыі і пачала крычаць: “Путін — убійца. Ты ответішь за Беслан!” Гледзячы на фашыстоўска-бальшавіцкіх дэбілаў, заходняя публіка павінна была зразумець, што толькі такія непрывабныя элемэнты незадавалены крамлёўскім важдзём і выказваюць яму “неабгрунтаваныя абвінавачваньні”. Аднак, падобна, што тандэтны трук ня надта ўразіў публіку ў зале.
7 чэрвеня маскоўская міліцыя зьдзейсьніла чарговы фашыстоўскі подзьвіг у змаганьні за чысьціню таямнічай расейскай душы. Міліцэйская каманда ўварвалася ў інтэрнат Дзяржаўнага ўнівэрсітэту кіраваньня, пастукалася ў адзін з пакояў, дзе студэнты рыхтаваліся да сэсіі, уварвалася ў пакой і пачала ўсіх біць. У выніку былі моцна зьбіты дзесяць студэнтаў з Таджыкістану, пяцёра з іх патрапілі ў шпіталь.
Інгушскі народ час ад часу нагадвае здраднікам-калябарантам, што здрада — справа няўдзячная. 9 чэрвеня партызаны абстралялі аўтамабіль начальніка прамаскоўскага ОМОНу Інгушэціі Нагіева і забілі яго. На адзін дзень расейскія СМІ замаўчалі пра “посьпехі мірнага жыцьця на Каўказе”
14 чэрвеня тры “прэзыдэнты” прамаскоўскіх марынэткавых рэжымчыкаў — Прыднястройя, Абхазіі і Паўднёвай Асэціі — сабраліся і падпісалі пагадненьне аб стварэньні “ваеннага саюзу”. Адзін за адным яны заяўлялі пра сваю любоў і адданасьць Расеі (“Мы всегда жілі с Росііей, мы будем жіть с Россіей!”). Настае новы этап расейскай агрэсіі супраць суверэнных Малдовы і Грузіі, а таксама новы пэрыяд барацьбы малдаўскага і грузінскага народаў супраць маскоўскіх акупантаў.
17 чэрвеня ў Беларусі пачалі актыўна разгружацца эшалёны з расейскай ваеннай тэхнікай. Пачаліся вучэньні “Шчіт союза”. Беларусаў зьдзівіў стан гэтага “шчіта”: парэпаныя, заіржавелыя танкі і браневікі, жаўнерская маса ў кірзе. Хаця, трэба быць справядлівымі: у 1939 годзе саветы прышлі “вызваляць” Заходнюю Беларусь у абмотках. Так што прагрэс “на ліцо”. Уся гэтая кірза зьбіраецца зашчышчаць нас ад НАТО і заходняй цывілізацыі.
Расейскае тэлебачаньне пачало трубіць пра чарговую “перамогу” на каўказкім фронце. У г. Аргуне 17 чэрвеня маскоўскія эсэсаўцы атачылі партызанскую групу і падчас бою забілі Абдула Халіма Сайдулаева. Прэзыдэнт Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі Аслан Масхадаў прызначыў быў сваім наступцам Сайдулаева (акупанты забілі Масхадава летась). На тэлеэкранах зьявіўся архіздраднік чачэнскага народу Кадыраў-малодшы. Ён сьмяяўся і куражыўся, расказваў, што “Сайдулаева прадалі свае за паўтары тысячы рублёў”. Хлусьня аказалася такой прымітыўнай, што маскоўская прапаганда вымушана была хутка ад яе адмовіцца. Чачэнскія лідэры на эміграцыі ўжо заявілі, што расейцы дапусьцілі вялікую памылку, забіўшы Сайдулаева. Ён меў рэпутацыю стрыманага і рэальнага палітыка, заўсёды выступаў за мірнае вырашэньне крызісу. Забойства даказвае яшчэ раз, што Масква зацікаўлена ў далейшым распальваньні вайны на Каўказе.
Вядома, што расейскія асаднікі на працягу дзесяцігоддзяў жылі за кошт турыстаў, што прыяжджалі ў Крым і сяліліся ў іхных (скрадзеных у крымскіх татараў) дамах падчас сэзону летніх адпачынкаў. Вядома, што людзі наглядзеліся па тэлебачаньню на шумныя дэманстрацыі асаднікаў супраць НАТО. Многія зрабілі выснову, што сёлета ехаць у Крым ня трэба. Нікому не падабаюцца палітычныя закалоты нават на пляжы. Людзі вырашылі паехаць адпачываць у Румынію, Баўгарыю і іншыя спакайнейшыя краіны. Такім чынам, расейскія асаднікі, накрычаўшыся супраць НАТО і Украіны, могуць цяпер самы сядзець на сваіх пустых пляжах.
18 чэрвеня нацыяналісты перамаглі на рэфэрэндуме ў Каталёніі. 73,9% удзельнікаў рэфэрэндуму выказаліся за пашырэньня аўтаноміі рэгіёну. Цяпер паводле Канстытуцыі Каталёніі каталёнская мова зьяўляецца дзяржаўнай і абавязкавай у публічнай сфэры. Каталёнцы цалкам кантралююць свой бюджэт, парты, прадпрыемствы. Ва ўсім сьвеце (а таксама ў Мадрыдзе) перамога каталёнцаў успрынята як вялікі крок да аднаўленьня незалежнасьці Каталёніі. Наступныя на гэтым шляху — змагарныя баскі.
Экс-канцлер Нямеччыны Шродэр яшчэ больш выразна прадэманстраваў, што ён зьяўляецца халуём Масквы. 19 чэрвеня на канфэрэнцыі ў Маскве пуцінскі сябрук заявіў, што Расея павінна арганізаваць падачу газу ў Заходнюю Эўропу ў абыход Украіны, каб забясьпечыць бесперабойную дастаўку энэрганосьбітаў. Мы разумеем, чаму Шродэр нават ня згадвае нашу Беларусь (праз якую ў такім выпадку павінен адбывацца газавы транзіт). Для яго (і шмат для каго ў Бэрліне) “беларускае пытаньне” ужо вырашана. Для іх Беларусь ужо ня існуе. Сьпяшаюцца партайгэноссэ, круцяць газавы вэнціль, пагражаюць Украіне блякадай. Маскоўска-бэрлінскі хаўрус дзейнічае.
27 чэрвеня сёлета споўнілася 50 гадоў з дня пачатку рабочага антыкамуністычнага паўстаньня ў Познані. Пасьля сьмерці Сталіна (1953 г.) працягвалася гьніеньне прамаскоўскіх марыянэткавых рэжымаў у Эўропе і Азіі. Але народы не хацелі ўжо цярпець падстаўную хунту крамлёўскіх наймітаў. Падвышэньне цэнаў на прадукты харчаваньня было толькі зачэпкай для польскіх рабочых і студэнтаў. На прадпрыемствах пачаліся стыхійныя выступы, якія ў хуткім часе перарасьлі ў статысячныя палітычныя дэманстрацыі ў цэнтры Познані. Людзі скандавалі “Вон камуну!”, “Свабоду палітвязьням!”, “Далоў расейскіх акупантаў!” і падпальвалі камітэты кампартыі. На працягу некалькіх дзён горад належаў паўстанцам, гэта была першая тэрыторыя, вызваленая ад антынароднага прамаскоўскага рэжыму. Варшаўская ўлада кінула супраць народу танкавыя часткі, спэцназ і авіяцыю. Пачаўся няроўны бой. Людзі адчайна бараніліся ад галаварэзаў рэжыму, забівалі карнікаў, абучаных у маскоўскіх акадэміях, падбівалі і захоплівалі танкі. Але сілы былі няроўнымі. З дапамогай савецкіх войскаў рэжым арганізаваў шчыльную блякаду вакол Познані. Нават у самой Польшчы насельніцтва амаль нічога ня ведала пра падзеі ў змагарным горадзе. Пасьля разгрому паўстаньня пачалі даходзіць зьвесткі адна страшней за другую: пра зьверствы карнікаў, пра растрэлы, масавыя арышты і аблавы. Саветы разьлічвалі, што рэпрэсіі напалохаюць і аслабяць польскі народ. Але аказалася наадварот. Палякам канчаткова стала зразумелым, хто на самай справе кіруе ў іхнай краіне — ланцуговыя бульдогі з-пад крамлёўскай зоркі. Народ зразумеў, што волю і сапраўдную незалежнасьць можна заваяваць толькі на шляху вызваленьня радзімы ад расейскай акупацыі. У гэтым накірунку і дзейнічалі польскія барацьбіты ў наступныя гады. Народ урэшце рэшт перамог крамлёўскую акупацыю і вярнуўся ў эўрапейскую цывілізацыю.
У апошнія тыдні ў Менску назіраецца павышаная актыўнасьць “хадакоў”. Яны ідуць у сталіцу з розных гарадоў і вёсак Беларусі, каб дамагчыся праўды. Некаторыя нават запісваюцца на прыём “да самога”, каб выказаць сваю крыўду. Справа ў тым, што на наступны дзень пасьля таго, як рэжым адсьвяткаваў 20-годдзе Чарнобыльскай катастрофы, мясцовыя ўлады разаслалі па тысячах адрэсаў кароткія афіцыйныя паведамленьні аб скасаваньні чарнобыльскіх надбавак за “ліквідатарства”. Не, атрымалі гэтыя паведамленьні не савецкія чыноўнікі, якія на гадзіну-другую заехалі ў 1986 г. у атручаныя раёны і атрымалі пэнсію саюзнага значэньня. Афіцыйнае паведамленьне атрымалі мэдычныя работнікі, якія былі пасланы ў Нароўлю, Хвойнікі, Брагін і іншыя жудасныя месцы, імёны якіх вядомыя цяпер усяму чалавецтву. Мэдыкі наладжвалі там пункты першай дапамогі, замяралі ўзровень радыцыі. Ім самым ніхто не паведаміў пра небясьпеку і спосабы элемэнтарнай асьцярожнасьці. Толькі пасьля таго, як у 1989 годзе Беларускі Народны Фронт адкрыў праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і пра злачынныя паводзіны ўладаў, гэтыя людзі атрымалі падвышэньне пэнсіі і статус “ліквідатараў” з пэўнымі ільготамі. Цяпер антынародны рэжым адным махам адмяніў усё гэта. З пэнсіі ліквідатара ў памеры 500 тысячаў рублёў рэжым адабраў у няшчасных людзей 280 тысячаў. “Хадакамі” у сталіцу ідуць у асноўным дзеці і ўнукі абрабаваных рэжымам людзей, таму што самы гэтыя людзі даўно інваліды. У дзяржаўным камітэце па Чарнобылю адпрацавана цэлая праграма, як “адшываць” гэтых наведвальнікаў. Людзі са сьлязьмі расказваюць, як зьдзекліва, з іроніяй гестапаўца Мюлера чарнобыльскае чынавенства тлумачыла ім: “Прошло уже двадцать лет. Все болезни у ваших близких не от Чернобыля, а от старости. Человеку свойственно болеть в старости. Вообще-то, радиации уже нет, наш президент Лукашенко об этом неоднократно говорил. Нужно чаще телевизор смотреть, товарищи...” Некаторыя з наведвальнікаў кідаліся на чыноўнікаў з кулакамі, многія плакалі і прасілі літасьці. Рэжым растаптаў яшчэ некалькі тысячаў людзей, да якіх у любой іншай краіне ставіліся б як да герояў. Рэжым зьдзейсьніў чарговае злачынства супраць беларускага народу. Ахвярам злачынства трэба было б не плакаць, а далучацца да Беларускай Салідарнасьці, каб разам вызваляць нашу краіну ад злачынцаў. Грамадзтва атрымала яшчэ адзін урок на тэму антычалавечага экспэрымэнту, які праводзіць прамаскоўскі рэжым над нашым народам.
Янка Базыль