ПАДЗЕІ Ў ПОЗНАНІ
27 чэрвеня сёлета споўнілася 50 гадоў з дня пачатку рабочага антыкамуністычнага паўстаньня ў Познані. Пасьля сьмерці Сталіна (1953 г.) працягвалася гьніеньне прамаскоўскіх марыянэткавых рэжымаў у Эўропе і Азіі. Але народы не хацелі ўжо цярпець падстаўную хунту крамлёўскіх наймітаў. Падвышэньне цэнаў на прадукты харчаваньня было толькі зачэпкай для польскіх рабочых і студэнтаў. На прадпрыемствах пачаліся стыхійныя выступы, якія ў хуткім часе перарасьлі ў статысячныя палітычныя дэманстрацыі ў цэнтры Познані. Людзі скандавалі “Прэч камуну!”, “Свабоду палітвязьням!”, “Далоў расейскіх акупантаў!” і падпальвалі камітэты кампартыі. На працягу некалькіх дзён горад належаў паўстанцам, гэта была першая тэрыторыя, вызваленая ад антынароднага прамаскоўскага рэжыму. Варшаўская ўлада кінула супраць народу танкавыя часткі, спэцназ і авіяцыю. Пачаўся няроўны бой. Людзі адчайна бараніліся ад галаварэзаў рэжыму, забівалі карнікаў, абучаных у маскоўскіх акадэміях, падбівалі і захоплівалі танкі. Але сілы былі няроўнымі. З дапамогай савецкіх войскаў рэжым арганізаваў шчыльную блякаду вакол Познані. Нават у самой Польшчы насельніцтва амаль нічога ня ведала пра падзеі ў змагарным горадзе. Пасьля разгрому паўстаньня пачалі даходзіць зьвесткі адна страшней за другую: пра зьверствы карнікаў, пра растрэлы, масавыя арышты і аблавы. Саветы разьлічвалі, што рэпрэсіі напалохаюць і аслабяць польскі народ. Але аказалася наадварот. Палякам канчаткова стала зразумелым, хто на самай справе кіруе ў іхнай краіне — ланцуговыя бульдогі з-пад крамлёўскай зоркі. Народ зразумеў, што волю і сапраўдную незалежнасьць можна заваяваць толькі на шляху вызваленьня радзімы ад расейскай акупацыі. У гэтым накірунку і дзейнічалі польскія барацьбіты ў наступныя гады. Народ урэшце рэшт перамог крамлёўскую акупацыю і вярнуўся ў эўрапейскую цывілізацыю.
(Паводле радыё “Свабода”)