СКАСАВАЛІ ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ НАДБАЎКІ ЗА “ЛІКВІДАТАРСТВА”

У апошнія тыдні чэрвеня ў Менску назіралася павышаная актыўнасьць “хадакоў”. Яны йшлі ў сталіцу з розных гарадоў і вёсак Беларусі, каб дамагчыся праўды. Некаторыя нават запісваліся на прыём “да самога”, каб выказаць сваю крыўду. Справа ў тым, што на наступны дзень пасьля таго, як рэжым адсьвяткаваў 20-годдзе Чарнобыльскай катастрофы, мясцовыя ўлады разаслалі па тысячах адрэсаў кароткія афіцыйныя паведамленьні аб скасаваньні чарнобыльскіх надбавак за “ліквідатарства”. Не, атрымалі гэтыя паведамленьні не савецкія чыноўнікі, якія на гадзіну-другую заехалі ў 1986 г. у атручаныя раёны і атрымалі пэнсію саюзнага значэньня. Афіцыйнае паведамленьне атрымалі мэдычныя работнікі, якія былі пасланы ў Нароўлю, Хвойнікі, Брагін і іншыя жудасныя месцы, імёны якіх вядомыя цяпер усяму чалавецтву. Мэдыкі наладжвалі там пункты першай дапамогі, замяралі ўзровень радыцыі. Ім самым ніхто не паведаміў пра небясьпеку і спосабы элемэнтарнай асьцярожнасьці. Толькі пасьля таго, як у 1989 годзе Беларускі Народны Фронт адкрыў праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і пра злачынныя паводзіны ўладаў, гэтыя людзі атрымалі падвышэньне пэнсіі і статус “ліквідатараў” з пэўнымі ільготамі. Цяпер антынародны рэжым адным махам адмяніў усё гэта. З пэнсіі ліквідатара ў памеры 500 тысячаў рублёў рэжым адабраў у няшчасных людзей 280 тысячаў. “Хадакамі” у сталіцу ідуць у асноўным дзеці і ўнукі абрабаваных рэжымам людзей, таму што самы гэтыя людзі даўно інваліды. У дзяржаўным камітэце па Чарнобылю адпрацавана цэлая праграма, як “адшываць” гэтых наведвальнікаў. Людзі са сьлязьмі расказваюць, як зьдзекліва, з іроніяй гестапаўца Мюлера чарнобыльскае чынавенства тлумачыла ім: “Прошло уже двадцать лет. Все болезни у ваших близких не от Чернобыля, а от старости. Человеку свойственно болеть в старости. Вообще-то, радиации уже нет, наш президент Лукашенко об этом неоднократно говорил. Нужно чаще телевизор смотреть, товарищи...” Некаторыя з наведвальнікаў кідаліся на чыноўнікаў з кулакамі, многія плакалі і прасілі літасьці. Рэжым растаптаў яшчэ некалькі тысячаў людзей, да якіх у любой іншай краіне ставіліся б як да герояў. Рэжым зьдзейсьніў чарговае злачынства супраць беларускага народу. Ахвярам злачынства трэба было б не плакаць, а далучацца да Беларускай Салідарнасьці, каб разам вызваляць нашу краіну ад злачынцаў. Грамадзтва атрымала яшчэ адзін урок на тэму антычалавечага экспэрымэнту, які праводзіць прамаскоўскі рэжым над нашым народам.

Янка Базыль