МІХАЛ ЦЮНДЗЯВІЦКІ

(Менск 1836 г., Барысаўскі павет — 2.6.1863 г., Менск)

У чэрвені 1863-га Менск абляцела вусьцішная вестка пра расстрэл царскімі карнікамі маладога афіцэра Міхала Цюндзявіцкага, сына маршалка Барысаўскага павету пана Мэльхіёра. Такой была цана беларускага слова і беларускай думкі, напіша пазьней адзін зь біёграфаў патрыёта. Галоўнай віною 27-гадовага “асабліва небясьпечнага злачынцы” сталася пашырэньне першай нелегальнай беларускай газэты “Мужыцкая праўда”, выдаванай Кастусём Каліноўскім. Сьледзтва высьветліла, што ў карчме барысаўскай вёскі Камень Цюндзявіцкі прачытаў адозву паўстанцкага правадыра тамтэйшым сялянам.

Гэта быў першы сьмяротны вырак, выкананы ў тым змагарным годзе ў нашай цяперашняй сталіцы. Усе тры месяцы, пакуль разглядалася справа, менчукі спадзяваліся на вызваленьне арыштанта, дарэчы выхаванца Пецярбурскага кадэцкага корпусу. Аднак начальнік “Северо-Западного края” Мураўёў, неўзабаве празваны “вешальнікам”, рабіў стаўку на максымальную жорсткасьць. Расстрэл, які адбыўся ў раёне вуліцы Серпухаўскай (цяпер Валадарскага), меў паказальны характар і павінен быў запалохаць гарадзкое жыхарства.

Аднак каты пралічыліся. Каля сьвежай магілы адразу ж пачаліся штовечаровыя маніфэстацыі. Людзі атулялі месца пахаваньня з трох бакоў, і толькі з чацьвертага нэрвова пераступалі з нагі на нагу расейскія вартавыя. Надыходзіў момант, калі людзі ўкленчвалі. Малітвы зьмяняліся песьнямі, а затым чыё-небудзь дзіця зьбірала букеты прынесеных кветак і аздабляла імі магілу.

Відэакамэраў у жандарскіх агентаў тады не было, таму прысутных яны проста перапісвалі. Удзел у мірных пратэстах служыў падставай для арышту, але маніфэстацыі не спыняліся, і ўлады мусілі перазахаваць цела расстралянага інсургента.

Празь некалькі дзесяцігодзьдзяў, у 1906-м, іншы прадстаўнік роду Цюндзявіцкіх — Віктар выдасьць па-беларуску кніжку “Аб чым сёньня гамоняць у нас на Беларусі”, увесь наклад якой будзе сканфіскаваны.

Яшчэ праз сто гадоў прафэсар Адам Мальдзіс прапануе ўсталяваць на месцы пакараньня сьмерцю Міхала Цюндзявіцкага мэмарыяльную дошку. Якой будзе рэакцыя цяперашніх уладаў, здагадацца няцяжка.

Уладзімер Арлоў.