БАСКІ ЗМАГАЮЦЦА
15 чэрвеня 2006 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” паведамляе пра зварот змагарнай арганізацыі баскаў ЕТА да ўладаў Францыі. Баскі заклікаюць парыжскі эстэблішмэнт больш “не замоўчваць і не хаваць канфлікт паміж баскамі (частка тэрыторыі якіх знаходзіцца ў Францыі) і французкай дзяржавай”. Зварот падтрымалі таксама 40 арганізацыяў, якія абараняюць правы баскскіх палітвязьняў. Рыхтуецца вялікая дэманстрацыя ў баскскім галоўным горадзе Францыі — Баёне.
Наш камэнтар: 22 красавіка сёлета ЕТА абвясьціла спыненьне агню і заклікала да мірных перамоваў з урадамі Гішпаніі і Францыі. Пасьля сьмерці дыктатара Франка ў 1975 г. баскі не гублялі час. На вачах усяго сьвету народ, у якога акупанты растапталі культуру і якому забаранялі размаўляць на сваёй мове, зрабіў цуд, імя якому — нацыянальнае Адраджэньне. За трыццаць гадоў вырасла новае пакаленьне, якое натуральна існуе ў роднай мове і культуры. Дала плён ахвярная праца інтэлектуалаў, якія служылі справе нацыянальнай асьветы. Мадрыд і Парыж ня могуць ужо адмахнуцца ад патрабаваньняў згуртаванага народу.
Валеры Буйвал