АБ ПЛЯНАХ НЕЗАКОННАГА РЭФЭРЭНДУМУ

Перасьцерагаем беларусаў аб чарговай небясьпецы, якую рыхтуе расейскае кіраўніцтва і прамаскоўскі рэжым у Беларусі. Зноў плянуюць незаконны рэфэрэндум па прыняцьці так званага “канстытуцыйнага акту” незаконнага, умоўна існуючага “союзного государства” Расеі і Беларусі.

Прыняцьцем “канстытуцыйнага акту” на рэфэрэндуме хочуць у чарговы раз ашукаць беларусаў, ліквідаваць беларускую фінансавую сістэму, увесьці на Беларусі расейскія грошы і зьнішчыць незалежнасьць нашай дзяржавы. Чарговы незаконны рэфэрэндум будуць прымяраць да выбараў ў мясцовыя ворганы ўлады.

Беларусы павінны памятаць пра антыбеларускі сэнс гэтага рэфэрэндуму. Нельга дапусьціць правядзеньне такога рэфэрэндуму. Калі яго накінуць прымусам — нельга будзе йсьці галасаваць. Замест паходу на выбарчыя ўчасткі трэба рыхтавацца ў гэты дзень да выхаду на вуліцы і плошчы, каб скончыць з ашуканствам і нішчэньнем нашай краіны. Гуртуйцеся вакол Беларускага нацыянальнага Адраджэньня і ягонай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Падтрымлівайце “Беларускую Салідарнасьць” і Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух. Стварайце групы падтрымкі КХП — БНФ.

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

18 чэрвеня 2006 г.

Менск