ХАОС НА ЎКРАІНЕ

6 чэрвеня 2006 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” піша пра выступы супраць НАТО ў Крыме. Прэзыдэнт Украіны Юшчанка чакаў тыдзень, назіраючы за шумнымі дэманстрацыямі асаднікаў супраць амэрыканскіх вайскоўцаў і сумесных амэрыканска-украінскіх манэўраў. Потым прэзыдэнт загадаў спэцслужбам і міліцыі выдаліць з тэрыторыі Украіны замежных грамадзянаў, якія ўдзельнічаюць у акцыях, і навесьці парадак. Польская газэта адзначае, што начале пратэстаў кампартыя і іншыя антыўкраінскія палітычныя групы. Дзяржчыноўнікі пачалі дзейнічаць. Не пусьцілі на тэрыторыю Украіны сумнавядомага шавініста Затуліна з маскоўскай Дзярждумы. А тым часам камуністы ў Вярхоўнай Радзе зьбіраюцца выступіць з ініцыятывай адстаўкі Юшчанкі.

Наш камэнтар: Па сымволіцы “пратэстантаў” бачна, хто яны: над узбуджанымі галовамі гей-славянаў выключна чырвоныя шматы і расейскія трыкалёры. Яны прадстаўляюць выразна антыўкраінскія, антыдзяржаўныя сілы. Такімі ж зьяўляюцца і дэпутаты–камуністы ў кіеўскай Радзе. Час паказаў, што бальшавікі і чужынцы-асаднікі не мяняюцца, не паддаюцца эвалюцыі. Яны жывуць нянавісьцю да нацыянальных дзяржаваў, яны працягваюць служыць маскоўскай імпэрыі. Яны — вечная пятая калёна, нож у плечы вызваленых народаў. Гэта — як кракадзіл, што перажыў шэраг геалягічных пэрыядаў і на працягу 400 мільёнаў гадоў (!) практычна не зьмяніўся. Ужо паўстагоддзя, як скончыўся сталінскі палеазой, 15 гадоў, як праваліўся гарбачоўскі мэзазой, а драпежная рэптылія ўсё шчоўкае зубямі і плача кракадзілавымі сьлязьмі над разьбітай савецкай ночвай.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ