З ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАГА ПРАВАСЛАЎЯ
Mіхась Скобла: “Такім чынам, архіепіскап Апанас (Антон Мартас) паходзіў са спрадвечнай Беларусі, з Наваградчыны, выхоўваўся ва ўмовах польскага аўтакефальнага праваслаўя, у сталыя гады аднаўляў Беларускую праваслаўную аўтакефальную царкву, а закончыў жыцьцё ва ўлоньні Расейскай зарубежнай царквы. Што й казаць: шлях пакручасты й неадназначны. Але ў сваіх мэмуарах “На ніве Хрыстовай”, якія можна лічыць своеасаблівым духоўным тастамантам уладыкі Апанаса, мы знаходзім нечаканае прызнаньне. І піша гэта герарх Рускай Праваслаўнай Зарубежнай Царквы (РПЗЦ), якая, да слова, нядаўна аб'ядналася з Маскоўскім патрыярхатам”.
“Цяпер з далёкай чужыны думкі мае імкнуцца да роднага краю, і памяць рысуе мілыя сэрцу незабытыя малюнкі радзімы. Перад вачыма ажываюць беларускія векавечныя пушчы і дрымучыя лясы з багацьцем птушынага царства і розналікай зьверыны, якія некалі вабілі польскіх каралёў і расейскіх цароў. Былі тут татары і палякі, швэды і французы, немцы і расейцы. Кожны зь іх нешта пакінуў беларусам: татары — бізун, палякі — халеру, французы — пранцы, немцы — штунду, расейцы — зьнявагу маці ў лаянцы... “Беларусь, Беларусь залатая”, — сьвежа зьвіняць словы юнацкай песьні, чаруюча дзеюць на душу, распаляючы агонь любові да радзімы. Але каб моцна яе любіць, трэба беларусам радзіцца і беларусам памерці, бо хто аброс чужым мясам, ня ўмее любіць Беларусі”.
Паводле радыё “Свабода”