БУШ І БЛЭР АНАЛІЗУЮЦЬ ПАМЫЛКІ

28 траўня 2006 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” паведамляе пра сумесны выступ у Вашынгтоне прэзыдэнта ЗША і прэмьера Брытаніі Блэра. Абодва прызналі сур'ёзныя памылкі, дапушчаныя іхнымі ўрадамі і вайсковым камандваньнем у Іраку. Буш згадаў пра скандал у турме Абу Граіб, а таксама пра памылковы загад “захапіць Бэн ладэна жывым або мёртвым” (ня гэта было галоўным у амэрыканскіх дзеяньнях у Іраку). Блэр прызнаў, што памылковым быў перасьлед і хуткая ліквідацыя структураў кіруючай пры Садаме партыі Баас, што стала дадатковым фактарам дэзынтэграцыі дзяржавы і спэцслужбаў у Іраку.

Наш камэнтар: Найбольш цікавай ёсьць заява Буша пра нязначнасьць фігуры Бэн Ладэна ў ірацкім канфлікце. Прэзыдэнт вельмі празрыста паведаміў, што Амэрыка ўрэшце зразумела, хто стаіць за міжнародным тэрарызмам і трагедыяй ірацкага народу: не самотны фанатык у чалме, які нібыта камандуе арміямі тэрарыстаў са сваёй пячоры, а маскоўскі рэйх, які ўдае “вернага хаўрусьніка Захаду”. Важна яшчэ адно. У савецкай і цяперашняй расейскай гісторыі мы нешта ня памятаем, каб крамлёўскія кіраўнікі публічна прызнавалі і абмяркоўвалі свае памылкі. Яны люта душылі любыя, самыя бяскрыўдныя спробы абмеркаваць маскоўскія няўдачы і правалы. Час ацэнак і прысудаў наставаў часам праз дзесяцігоддзі. Часам больш апэратыўна, але толькі ў выпадку падзеньня чарговага генсека. Напрыклад, пра “культ асобы” савецкія людзі даведаліся толькі пасьля сьмерці гэтай асобы. Тое ж з “валюнтарызмам і кукурузай” Хрушчова, маразмам Брэжнява і г.д. Толькі праз 25 гадоў пасьля здушэньня савецкімі танкамі Пражскай Вясны і праз 40 гадоў пасьля Угорскага нацыянальнага паўстаньня крамлёўскія танкісты заявілі, што “гэта была палітычная памылка”. І адразу ж паслалі танкі ў Чачэнію. Вось у гэтым і палягае розьніца паводзінаў і прынцыпаў заходніх палітычных элітаў (заўсёды адказных перад сваімі грамадзтвамі) і крамлёўскіх імпэрыялістаў, не адказных ні перад кім.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ