ПАПА БЭНЭДЫКТ 16-ТЫ І ПОЛЬШЧА

28 траўня 2006г. Гішпанская газэта “El Mundo” піша пра пастырскі візыт Папы Бэнэдыкта XVI у Польшчу. Папа маліўся на радзіме свайго вялікага папярэдніка ў мястэчку Вадовіцэ, на тэрыторыі былога фашыстоўскага лягеру сьмерці Асьвенцыма і ў Кракаве. Папа заклікаў вяртацца да сапраўдных каштоўнасьцяў хрысьціянства, якія ў апошні час паддаюцца неадэкватнай трактоўцы многімі ў сучасным грамадзтве. Ён казаў таксама пра неабходнасьць блізкай кананізацыі Папы Яна Паўла ІІ.

Наш камэнтар: Папа Бэнэдыкт (чалавек высокай культуры, паліглёт) зьвяртаўся да польскай паствы на польскай мове. Паўсюль яго сустракалі і маліліся разам зь ім сотні тысячаў людзей. Над грамадой уздымаліся нацыянальныя сьцягі: шмат польскіх, а таксама харвацкія, чэшскія, украінскія. Беларускія пілігрымы горда ўздымалі нашы нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя сьцягі. Перад алтаром укленчылі прэзыдэнт і прэмьер Польшчы з жонкамі, а таксама іншыя першыя асобы дзяржавы. На малітву і сустрэчы з Папам зьбіраліся людзі розных уростаў, але большасьць — моладзь. СМІ розных краінаў паведамляюць пра гэтыя яркія падзеі, якія сьведчаць пра хрысьціянскую духоўнасьць многіх людзей і жыцьцядайную дзейнасьць каталіцкага Касьцёлу.

А мы павінны задумацца, ці магчымы такія падзеі ў нас пры дамінанце чужой “дзяржаўнай царквы” РПЦ? Ня трэба доўга тэарэтызаваць. Падчас некалькіх папярэдніх візітаў у Беларусь Алексія ІІ маскоўскага каля яго зьбіралася ня больш за некалькі сотняў, часам тысячаў чалавек (у большасьці жанчыны старэйшага веку), моладзі практычна не было (як і на службах у РПЦ). Начальства РПЦ карыстаецца выключна расейскай мовай у звароце да людзей у Беларусі і іншых краінах, падпарадкаваных яе адміністрацыі. Зразумелы панічны страх Крамля перад магчымым прыездам на Беларусь або ў Расею Папы Рымскага. Панціфік безумоўна маліўся б за Беларусь па-беларуску, уславіў бы нашу культуру і хрысьціянскую гісторыю. Не ляпнуў бы ён ў звароце да беларусаў, як бацюшкі ў партупэях: “Люди русские, аки-паки...”

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ