АБАРАНІЦЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ
VII Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, IX Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”.
Рэзалюцыя
Беларусь знаходзіцца ў цяжкім нацыянальным, палітычным і гаспадарчым стане ў выніку прарасейскай палітыкі, якую мы называем рэжымам унутранай акупацыі. Бо дзяржаўная ўлада, зь ведама і пры садзеяньні А. Лукашэнкі, апанаваная спэцслужбамі Расеі, а сам кіраўнік выканаўчай улады Беларусі праводзіць адкрытую прамаскоўскую і антынацыянальную палітыку, накіраваную ў канцовым выніку на ліквідацыю дзяржаўнай незалежнасьці Бепарусі і структурнае разбурэньне бепарускай нацыі.
Зачыненыя беларускія школы і вучэльні, зьнішчаны беларускамоўны пэрыядычны друк і зьмяншаецца кнігадрукаваньне, ліквідаваная свабода беларускага слова і свабода беларускай інфармацыі, разбурана прадпрымальніцтва, у катастрафічным стане знаходзіцца сельская гаспадарка, дэградуе эканоміка, адсутнічаюць дэмакратычныя выбары і дэмакратычнае заканадаўства.
Рэжым вынішчае ўсё беларускае, замахнуўся ўжо на Саюз пісьменьнікаў, на моладзь, на Быкава і Скарыну, пад камандай Масквы імкнецца цалкам ліквідаваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, насаджае ўзамен антыбеларускія, антыграмадзкія, расейска-фашыстоўскія арганізацыі.
Рэжым пад ціскам Масквы рыхтуе ўвядзеньне на Беларусі расейскіх грошай. Фактычна адбылося падпарадкаваньне Маскве беларускага войска. Пад звон заяваў пра нібыта “нацыянальныя інтарэсы” плянуюць здачу беларускіх стратэгічных прадпрыемстваў расейскаму капіталу. У бліжэйшы час, пры зьяўленьні зручнага моманту, Масква плянуе прымусіць рэжым правесьці чарговы незаконны і ашуканцкі рэфэрэндум аб так званым “канстытуцыйным акце”, у выніку прыняцьця якога Масква атрымала б адкрытую дарогу для інкарпарацыі Беларусі.
Сытуацыю трэба ацэньваць сур’езна, як праблему жыцьця ці сьмерці.
Усе беларусы павінны ўсьвядоміць, што страціўшы дзяржаву і незалежнасьць, яны страцяць усё, бо перастануць быць гасладарамі на сваёй зямлі. Іхняе існаваньне і жыцьцё будуць вырашаць іншыя — расейскія кагэбісты, крымінальнікі, чыноўнікі і алігархі, якім лёс Беларусі і беларусаў ня тое што абыякавы, але і ненавісны. Сьмерць у расейскім войску і на расейскіх войнах — гэта яшчэ ня ўсё, што беларусаў чакае пасьля страты Беларускай дзяржавы.
З выказваньняў і пісаньняў цяперашніх расейскіх палітыкаў і аналітыкаў вынікае, што плянуюць выцісканьне беларускага насельніцтва ў Сібір і адданьне нашай зямлі чужакам. Расеяй кіруе цяпер НКВД-КГБ. Мы памятаем што яны рабілі зь людзьмі ў 20-х–30-х–40-х гадах, назіраем што яны робяць цяпер і ведаем на што яны здольныя. Беларусы, абараняйма сябе, сваю будучыню, сваю зямлю, сваю дзяржаву, свой народ!
Недапушчэньне рэфэрэндуму аб так званым “канстытуцыйным акце” ёсьць першачарговая задача ўсяго беларускага грамадзтва. Калі ж такі рэфэрэндум будзе народу навязаны антынацыянальным рэжымам і Масквой, беларускі народ мусіць выкарыстаць эфектыўныя дзеяньні ў абарону незалежнасьці Бацькаўшчыны.
Беларусы мусяць цяпер змагацца за абарону незалежнасьці дзяржавы на ўсіх узроўнях дзейнасьці, ва ўсіх сфэрах жыцьця і ва ўсім сьвеце. Нельга пакідаць без адказу ніводнай зьнявагі суверэнітэту, ніводнай антыбеларускай вымовы, ніякіх, нават дробных, закідаў супраць Беларусі. Мусіць быць створана атмасфэра і дух змаганьня за вольную Беларусь.
Барацьба за абарону Бацькаўшчыны спрыяе згуртаваньню людзей. Змагацца трэба. Формай змаганьня павінна стаць Беларуская Салідарнасьць. Усе беларусы павінны падтрымліваць адзін аднаго, абараняць волю і незалежнасьць Айчыны.
Гэта дарога да нацыянальнай сілы. І толькі калі створым такую беларускую сілу, толькі тады здолеем ажыцьцявіць перамену ўлады, скончыць з прамаскоўскім рэжымам, вярнуць справядлівасьць і павагу людзям, палепшыць жыцьцё ў сваёй краіне і гарантуем яе свабодны, шырокі і сьветлы шлях.
27 траўня 2006 г.
г. Менск