РАСЕЙЦЫ КАЖУЦЬ, ШТО ІМ ЗАМІНАЕ ЎСХОДНЯЯ ЭЎРОПА

24 траўня 2006 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” піша пра прэтэнзіі РФ, што, маўляў, новыя ўсходнеэўрапейскія краіны Эўразьвязу абцяжарваюць адносіны паміж Масквой і Эўразьвязам, бо “яны канцэнтруюцца на траўмах мінуўшчыны”. Амбасадар Расеі ў Эўразьвязе Уладзімір Чыжоў заявіў у Брусэлі пра былыя падсавецкія краіны: “Яны прынесьлі з сабой у Эўразьвяз іхны фантомны боль. Гэта замінае стратэгічнаму партнёрству. Польшча, балтыйскія краіны маюць вельмі напружаныя адносіны з Расеяй”. Газэта заўважае, што згаданыя краіны імкнуцца вызваліцца ад энэргетычнай залежнасьці ад Расеі.

Наш камэнтар: Вось як, аказваецца: “фантомны боль”. Гэта значыць, што вызваленыя народы прыдумалі сабе боль і траўмы расейскай акупацыі, прыдумалі сотні тысячаў забітых і скалечаных расейскімі эсэсаўцамі і гестапаўцамі суайчыньнікаў, прыдумалі канцлягеры ГУЛАГу, шалёную русіфікацыю і зьнішчэньне нацыянальных культураў і моваў, панаваньне звыродлівых асаднікаў і жорсткую эксплуатацыю натуральных і чалавечых рэсурсаў сваіх краінаў. Паводле лубянска-крамлёўскага амбасадара, яны павінны былі б маўчаць пра гэта ў Эўразьвязе і дапамагаць Расеі наладжваць эўрапейскае партнёрства (гэта значыць, прыслугоўваць Маскве, як у былыя часы). Трэба зразумець, што такія маналёгі мы будзем чуць ад расейскай дыпляматыі, пакуль будзе існаваць іхная імпэрыя. Успомнім, што для вызваленых краінаў і ўсяго сьвету Нямеччына стала нармальным і раўнапраўным партнёрам толькі пасьля таго, як там агульнымі намаганьнямі дэмакратычных дзяржаваў (у тым ліку акупацыяй яе тэрыторыі на працягу гадоў) была зьліквідавана фашыстоўская дзяржаўная машына, пакараны злачынцы, забаронены фашыстоўская ідэалёгія і фашыстоўскія арганізацыі. Так што нармальнасьць партнёрства магчымая толькі пасьля краху расейскага гэбоўскага імпэрыялізму.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ