ПАЛІТЫКА ЗАЦІКАВІЛАСЯ “НІКАКОЙ ПАЛІЦІКАЙ”

23 траўня 2006 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” піша пра падрыхтоўку рэжымам Лукашэнкі новага ўдару па індывідуальных прадпрымальніках. Міністэрства гандлю РБ рыхтуе забарону на гандаль на тэрыторыі рынкаў шэрагу тавараў, на якіх трымаецца прыватны бізнэс: адзеньне “сэканд хэнд”, тавары для немаўлят, парфумэрыя-касмэтыка, цацкі, рыбныя кансэрвы, аднаразовы посуд і г.д. Паведамляецца таксама пра здушэньне фэрмэрства. У 1992 г. фэрмэраў у Беларусі было 6 тысячаў, цяпер засталося 2204.

Наш камэнтар: Газэта (некалі рупар змагарнай польскай “Салідарнасьці”) згадвае таксама, што “прадпрымальнікі ў РБ ёсьць самай актыўнай і пратэстнай часткай насельніцтва”. Газэта называе кіраўнікоў прадпрымальніцкіх прафсаюзаў і пратэстаў Леванеўскага ды іншых. Толькі вось не задумалася газэта, чаму гэта ўсе пратэстныя выступы прадпрымальнікаў не атрымалі падтрымкі насельніцтва, ня мелі палітычных патрабаваньняў (на чым базавалася змаганьне польскай “Салідарнасьці”) і чаму згаданыя “народныя лідэры” завялі прадпрымальнікаў у тупік і ў паразу? Мы ў Беларусі ўжо даўно здагадаліся, што Леванеўскі і шэраг іншых “нарлідэраў” кіруюцца спэцслужбамі рэжыму і дзейнічаюць на карысьць прамаскоўскай дыктатуры. Добра памятаем, як яны кідаліся на беларускіх патрыётаў, якія спрабавалі раздаваць на акцыях прадпрымальнікаў беларускія ўлёткі. Элітка падстаўных прафсаюзікаў бегала за патрыётамі з крыкамі: “Это провокаторы, нам не надо нікакой політікі!” Вось і настае лягічны канец “чыста эканамічнай барацьбы”. Рэжым наладжвае пагром прадпрымальніцтва менавіта палітычнымі мэтадамі.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ